Афіцыйны сайт
13 мая 2020

“Дажынкі-2020”: з урачыстым адкрыццём, узнагародамі для лепшых працаўнікоў вёскі і гонкамі на газонакасілках

Сталіцай свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі – 2020” сёлета стане Скідзель.

Горад ужо рыхтуецца сустрэць гасцей. А супрацоўнікі сферы культуры працуюць над насычанай праграмай. Абавязкова будуць узнагароды для лепшых працаўнікоў, выставы дасягненняў, незвычайныя фотазоны, конкурсы снапоў і забавы кшталту гонак на газонакасілках.

Асноўнай тэмай свята, якое штогод праслаўляе і ўсхваляе працаўнікоў аграпрамысловага комплексу, гэтым разам стане багацце малой радзімы.

– Розныя пляцоўкі і эпізоды аб’яднае тэма ўслаўлення малой радзімы праз сельскагаспадарчую дзейнасць чалавека, павагі да прафесіі аграрыяў, а таксама любоў і павага да роднага краю, яго прыгажосці, – адзначыла начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Алена Клімовіч. – Падаецца, што прыгожым сімвалам свята можа быць бусел з каласком у дзюбе – як сімвал нашай краіны, неўміручасці зямлі, руплівай працы беларусаў, багатага ўраджаю.

Дарэчы, бусел “ахоўвае” і сам Скідзель – падчас святкавання 500-годдзя горада ў скверы адкрылі скульптурную кампазіцыю аўтарства Уладзіміра Церабуна. Яна прадстаўляе сабой якраз двух буслоў у гняздзе.

Як сімвал “Дажынак” гэтага года, буслы будуць суправаджаць свята цягам усяго дня і шмат разоў паўтарацца ў розных эпізодах. Так, ёсць прапанова, каб падчас шэсця ў касцюмах буслоў прайшлі хадулісты, таксама ўдзельнікі пранясуць кола, на самым версе якога будзе буслянка з птушкамі. Па традыцыі ўдзел у шэсці прымуць дэлегацыі ўсіх раёнаў вобласці, і кожная абыграе тэму сімвала свята.

У гэтым годзе, які праходзіць пад знакам 75-годдзя Вялікай Перамогі, падчас “Дажынак” у старым парку з’явіцца тэматычная пляцоўка “Мірная Беларусь пад белымі крыламі”. Госці змогуць наведаць інтэрактыўны музей, пакаштаваць салдацкую кашу, паглядзець канцэрт з аўтасцэны.

З кожнага раёна – у агульную скарбонку





























Што да тычыцца канцэпцыі афармлення, як і ў іншых момантах, на свяце ў Скідзелі будуць выкарыстаны лепшыя і самыя цікавыя ідэі ранейшых мерапрыемстваў. Да прыкладу, прывабна выглядаюць канструкцыі з цюкоў саломы ўздоўж дарог, што вядуць у горад. Цікавасць гасцей выклікаюць і тэматычныя фотазоны. Над тэмай асобна будуць працаваць спецыялісты.

Што да галоўнай сцэны, яна размесціцца насупраць цэнтральнага парку па вуліцы Леніна. Тут па традыцыі будзе ўзвышацца агульны дажыначны сноп Гродзенчыны, стастаўлены са снапоў кожнага раёна. Сімвалічна аб’яднае яго 13-мятровы рушнік.

– Летась майстры Гродзенскага раёна да 75-годдзя вызвалення Беларусі стварылі рушнік Малой радзімы, які складаўся з асабных частак. Вырабіць рушнікі памерам 80 на 50 сантыметраў прапануем кожнаму раёну. Узор на ім будзе адлюстроўваць іх адметнасці, іх багацце і прыгажосць. Пасля аб’яднаем рушнікі у адзін вялікі твор, – распавяла Алена Клімовіч. – Гэты рушнік пранясуць да сцэны падчас шэсця, а затым ім перавяжуць дажыначны сноп.

Да свята таксама мяркуецца вырабіць драўляную кнігу з картай Гродзенскай вобласці і “ўпісаць” у яе вынікі сельскагаспадарчага году кожнага раёна. Лепшых з лепшых узнагародзяць падчас святкавання ў Доме культуры. Тут жа пройдзе фотавыстава “Гродзенскай праўды”, якая пакажа штодзённыя клопаты працаўнікоў сельскай гаспадаркі, што фатографы і журналісты “збіраюць” падчас творчай працы на палях рэгіёна.

Хто ёсць хто

Год за годам усё больш маляўнічымі становяцца падворкі раёнаў, на іх ужо не проста прадстаўлены багаты ўраджай і спецыфіка кожнага куточка Гродзеншчыны, але і з’яўляюцца сапраўдныя арт-аб’екты з гародніны і садавіны. Па прапанове Гродзенскага раёна ў Скідзелі мяркуецца прысвяціць ім асобную пляцоўку, дзе можна будзе падзівіцца і сфатаграфавацца з незвычайнымі інсталяцыямі. Гэта, безумоўна, дадасць новых фарбаў святу. Пакуль як прапанова абмяркоўваецца ідэя на конкурс снапоў вырабіць не традыцыйныя снапы, а маштабныя канструкцыі з саломы. Каларыту дададуць жывыя статуі ў вобразах прадстаўнікоў сельскай гаспадаркі.

Якім толькі тэмам ні былі прысвечаны ў розныя гады падворкі раёнаў! Сёлета на іх прапануецца адлюстраваць асаблівасці і паказаць атрыбуты той ці іншай сельскагаспадарчай прафесіі. Упэўнены, будуць прысвечаныя пчалярам, кветкаводам, садаводам і многім іншым.


































Агра-забавы

Акрамя падворкаў раёнаў вобласці, пройдуць прэзентацыі шэрагу гаспадарак і прадпрыемстваў Гродзенскага раёна, у тым ліку агракамбіната “Скідзельскі”, СВК “Прагрэс-Верцялішкі”, “Азёры Гродзенскага раёна, ”імя Крэмко. Таксама пройдзе выстава-прэзентацыя лясных гаспадарак вобласці.

Пры арганізацыі пляцовак, акцэнт зроблены ў тым ліку на тое, каб госці былі не проста гледачамі, а непасрэднымі ўдзельнікамі свята: танцаваліі, спявалі, нешта каштавалі, гулялі, вучыліся…

Тэматычная пляцоўка “Хатка бабкі Агапкі” запросіць на дэгустацыю фіта-гарбаты і мёду, страў адэльскай кухні, пройдуць майстар-класы па вырабу абярэгавай лялькі і побытавых танцаў. Дажыначны саламяны рэлакс прапануе моладзевая пляцоўка. Для дзяцей – танцы ў рэжыме нон-стоп.

Рыбацкая пляцоўка “КлЁвая” ўпершыню на “Дажынках” запросіць на спаборніцтвы па лоўлі рыбы… у фантане.

Варта сказаць, у Гродзенскага раёна багаты вопыт па арганізацыі інтэрактыўных пляцовак і самых розных забаў для гасцей усіх узростаў. І ён абавязкова будзе выкарыстана на “Дажынках”. Да прыкладу, дарослым і дзецям прапануюць зрабіць стаўкі ў курыных забегах, згуляць у вясковы боўлінг, пін’яту “Дары маёй зямелькі”. У старым парку пройдуць коннае шоу, бітва лесарубаў і незвычайвыя мега-гонкі на роварах і нават газонакасілках.

Адным словам, планаў і задумак, якія дазволяць зрабіць свята запамінальным і яркім, багата.

grodnonews.by