Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
13.07.2020

Лукашэнка: у бліжэйшыя тры гады ў Беларусі будзе мадэрнізавана і пабудавана 18 мастоў

У бліжэйшыя тры гады ў Беларусі будзе мадэрнізавана і пабудавана 18 мастоў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Слаўгарадскім раёне на цырымоніі адкрыцця моста цераз раку Сож, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы дамовіліся аб тым, што ў бліжэйшыя тры гады мы такіх і больш складаных мастоў мадэрнізуем і пабудуем 18. Дамовіліся з еўрапейцамі. Гэта ж транзіт, і іх таксама. Каля $130 млн павінны ўкласці ў гэта. Еўрапейскія грошы ёсць. Я папрасіў, каб нашы міністры і члены ўрада мелі на ўвазе, што гэтыя грошы павінны застацца ў нас. Вы абавязкова павінны выйграць падрад на будаўніцтва гэтых мастоў. Мы павінны паспаборнічаць з тымі, хто прыйдзе і захоча будаваць. Да гэтага часу мы выйгравалі гэтыя конкурсы", - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да мостабудаўнікоў.

















У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адна з пераваг будаўніцтва ў Беларусі - гэта сумленны падыход: ніхто нікому не даваў адкаты, не завышаў каштарысны кошт. "Усё было так, як трэба. І мы выйгравалі. Будавалі на Гродна дарогу - гэта вялікая работа была, і будавалі самі", - прывёў прыклад Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб неабходнасці больш актыўна выкарыстоўваць у дарожным будаўніцтве бетон, для чаго ў Беларусі ёсць дастаткова матэрыялаў і набыты вопыт.

"У нас вялікая праграма не толькі па аднаўленні гэтых 18 мастоў. У нас мастоў 30-40 маленькіх, якія мы павінны ў парадак прывесці. Таму работы ў маставікоў будзе вельмі шмат. І там час не чакае. За наступную пяцігодку мы павінны гэта зрабіць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.