Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
08.04.2020

Прапрацоўваецца ўвядзенне адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне рэжыму самаізаляцыі - Каранік

8 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прапрацоўваецца пытанне аб увядзенні адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне рэжыму самаізаляцыі. Аб гэтым сёння ў час стрыму на YouTube-канале Нацыянальнага прэс-цэнтра паведаміў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр канстатаваў, што працэнт людзей, якія ігнаруюць рэкамендацыі медыкаў, па-ранейшаму застаецца даволі высокім. "Таму цяпер прапрацоўваецца пытанне аб увядзенні адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ўмоў самаізаляцыі. Як толькі гэта рашэнне будзе прынята, неабходныя дакументы будуць апублікаваны", - сказаў ён.

Паводле слоў Уладзіміра Караніка, людзей пры накіраванні на самаізаляцыю будуць персанальна інфармаваць аб правілах, якія яны павінны выконваць, адказнасці, якую яны нясуць за парушэнне гэтых правіл.

На гэты час магчымасці прыцягнуць да адказнасці парушальнікаў рэжыму самаізаляцыі матэрыяльна або якім-небудзь іншым спосабам няма. "Мы толькі па-ранейшаму заклікаем людзей да свядомага падыходу, каб яны разумелі меру сваёй адказнасці. Гэта можа ўяўляць пагрозу для іх блізкіх", - адзначыў міністр.