Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
13.04.2020

СААЗ вітае меры, што прымаюцца Беларуссю па барацьбе з каранавірусам - кіраўнік місіі

13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветая арганізацыя аховы здароўя вітае меры, што прымаюцца Беларуссю па барацьбе з COVID-19, але рэкамендуе нарошчваць намаганні, заявіў кіраўнік місіі СААЗ у Беларусі Патрык О'Конар па выніках ацэначнай дзейнасці ў краіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Патрык О'Конар адзначыў такія важныя меры, як лабараторнае тэсціраванне патэнцыяльных выпадкаў, выяўленне кантактаў і ізаляцыя людзей з пацверджаным каранавірусам, забеспячэннне каранціну ў адносінах да кантактных асоб і тых, хто патэнцыяльна мог быць заражаны вірусам. Паводле яго слоў, гэта краевугольны камень усіх мер па рэагаванні на COVID-19.

"Беларусь рэалізавала меры стрымлівання распаўсюджвання эпідэміі дзякуючы сістэмнаму падыходу з пункту гледжання эпіднагляду, а таксама наяўнасці лабараторных магчымасцей для ранняга выяўлення пацыентаў", - сказаў кіраўнік місіі. Эксперты назіралі прыярытэтную ўвагу, што ўдзяляецца планаванню і дадатковым магутнасцям для размяшчэння пацыентаў, якія паступаюць з пацверджанымі выпадкамі каранавіруса. Пры гэтым у цэлым захавана функцыянаванне сістэмы аховы здароўя, уключаючы лячэнне хранічных захворванняў, клопат аб маці і дзецях, службу псіхічнага здароўя.

Разам з тым, паводле ацэнак СААЗ, Беларусь уваходзіць у новую фазу, калі з'яўляюцца выпадкі перадачы віруса на ўзроўні супольнасці. Гэта асабліва адзначаецца ў асобных рэгіёнах краіны, уключаючы сталіцу. Таму рэкамендуецца ўкараняць меры, якія ўключаюць у тым ліку фізічнае дыстанцыраванне пры захаванні належнай сістэмы тэсціравання, выяўлення кантактаў і ізаляцыі выяўленых выпадкаў, гэта значыць тых мер, якія прымаліся ўжо.

"Мы вітаем практыкі, якія прымаў беларускі ўрад. Яны павінны быць захаваны і ўзмоцнены, - сказаў прадстаўнік СААЗ. - Меры па фізічным дыстанцыраванні прадугледжваюць папярэджванне масавага збору людзей, забеспячэнне каранціну кантактных асоб і пацыентаў з пацверджаным дыягназам, а таксама тых, хто патэнцыяльна мог заразіцца вірусам". СААЗ рэкамендуе прыняць крокі, у прыватнасці накіраваныя на ўключэнне ў рабочыя графікі тэлеканферэнцый, зніжэнне неабавязковых перамяшчэнняў, асабліва для груп высокай рызыкі.

"Мерапрыемствы на ўзроўні ўсёй супольнасці могуць дапамагчы запаволіць і папярэдзіць распаўсюджванне віруса, а сістэмам аховы здароўя - нарасціць магутнасці і патэнцыял, каб забяспечыць выкананне патрэбнасцей пацыентаў, падрыхтаванасць і ўкамплектаванасць сродкамі аховы, ложкавым фондам і кадрамі на выпадак росту тых, хто захварэў", - адзначыў Патрык О'Конар.

СААЗ мяркуе, што грамадзяне будуць прымаць на сябе ўсё большую адказнасць за выкананне рэкамендацыйных мер. "Цяпер час нарошчваць намаганні пры прадаўжэнні і падтрыманні той добрай работы, якая праведзена ў плане тэсціравання ўсіх патэнцыяльных выпадкаў, выяўлення кантактаў пацверджаных пацыентаў і ізаляцыі тых, хто захварэў", - падкрэсліў кіраўнік місіі. "З нашых рэкамендацый вынікае, што мы раім у дапаўненне да мер, якія прымаюцца, забеспячэнне фізічнага дыстанцыравання. Гэта не абавязкова каранцін і каменданцкая гадзіна", - дадаў Патрык О'Конар.

Паводле слоў міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, на гэты момант не абавязкова ўводзіць жорсткія каранцінныя меры. Разам з тым, калі кожны чалавек абмяжуе свае неабавязковыя кантакты і будзе выконваць меры па сацыяльным дыстанцыраванні, удасца папярэдзіць лавінападобны рост захваральнасці.

Місія СААЗ працавала ў Беларусі з 8 па 11 красавіка і прыбыла ў краіну па запрашэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Ацэньвалася сітуацыя, меры, якія прымаюцца, падыходы да аказання меддапамогі ў Беларусі. Спецыялісты наведвалі ўстановы аховы здароўя Мінска, Мінскай і Віцебскай абласцей. На падставе праведзенай ацэнкі будуць дадзены рэкамендацыі.-0-