Афіцыйны сайт
3 верасня 2019

2 верасня ў бібліятэках раёна прайшоў урок ведаў “Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!”

У Свіслацкай раённай бібліятэцы падчас урока ведаў старшакласнікі, прымаючы актыўны ўдзел у інтэрактыўнай гульні, успомнілі гісторыю Беларусі, прыгажосць беларускай прыроды, разнастайнасць рамёстваў, багацце роднай мовы, выдатных людзей нашай Айчыны. Рабяты яшчэ раз пераканаліся, што наша Беларусь мае слаўную гісторыю, багатая на звычаі і традыцыі. Вучні гімназіі №1 ім. К.Каліноўскага і СШ № 2 паказалі сваю эрудыцыю і добрыя веды, прайшоўшы выпрабаванні па намінацыях: “Дзяржава і яе сімвалы”, “Зямля Беларусі – краіна герояў”,  “Культурная спадчына”, “Каменны летапіс”, “Зямля пад белымі крыламі”, “Песняры”, “Крок у будучае”. Кожная каманда выбірала намінацыю і складанасць пытанняў, адказы на якія ацэньвала журы ў балах. За актыўны ўдзел у гульні каманды былі ўзнагароджаны граматамі.

 

 Дзень ведаў для вучняў 2-5 класаў пасля ўрачыстай лінейкі прадоўжыўся ў Вердаміцкай бібліятэцы ўрокам гісторыі па тэме “Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!”. Павіншаваўшы рабят з пачаткам навучальнага года, пажадаўшы плённа працаваць, спасцігаць новае і цікавае, бібліятэкар пачала размову пра самыя значныя даты і падзеі нашай рэспублiкi ў гэтым годзе, у Год малой радзімы – 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 75-годдзе Гродзенскай вобласці, 80-годдзе аб'яднання Заходняй Беларусі і БССР, 25-годдзе прыняцця Канстытуцыі РБ, II Еўрапейскія гульні, 1000-годдзе Брэста, 50-годдзе НДЦ “Зубраня”. Рабяты былі вельмі актыўнымі, з цікавасцю абмяркоўвалі тэму, адказвалі на пытанні, чыталі вершы, з задавальненнем праглядзелі відэаролік пра Беларусь. Прапанаваныя бібліятэкарам агляд матэрыялаў інфармацыйнага стэнда “Слаўся, родная Беларусь”, расказаная легенда, аповед пра прыродныя багацці краю, выдатных асобаў, якіх нарадзіла беларуская зямля, успрымаліся вучнямі з вялікай цікавасцю.