Галоўная / Навiны / Навiны раёна
04.05.2020

Яны набліжалі перамогу

Мы часта чуем словы вайна, памяць… Але ці разумеем мы да канца, які сэнс закладзены ў іх? Ці варта ўвогуле гаварыць пра тое, аб чым мы ведаем толькі з пачутых апавяданняў, з прачытаных кніг ці з кінафільмаў? Ці трэба помніць пра тых, каго ні разу ў жыцці не бачылі? 

Я лічу, помніць трэба. Вайна – гэта самае страшнае, што можа здарыцца ў жыцці. Яна нясе слёзы, пакуты, смерць. А памяць здольна не дапусціць новай вайны. 

Я, як і мае равеснікі, не ведаю вайны. Не ведаю і не хачу вайны. Але яе не хацелі і тыя, хто гінуў ад варожых куль, не думаючы, што больш не ўбачаць ні сонца, ні травы, ні дзяцей. Сэрца абліваецца крывёю, калі слухаеш аповед ветэранаў. Дарослыя і дзеці, хто са зброяй у руках на фронце, хто ў тыле ворага, смела і ўпэўнена набліжалі перамогу. Для мяне гэта не проста перамога адной краіны над другой. Гэта перамога сілы духу, адзінства і справядлівасці.

Няма, напэўна, у Беларусі ніводнай сям’і, дзе б вайна не пакінула свой крывавы след. Мая сям’я не выключэнне. Упершыню пра вайну я пачула ад сваёй прабабулі Яніны Рожкі, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны  разам са сваім бацькам і сястрой жыла ў акупіраванай немцамі вёсцы Яцвезі. Было ёй тады ўсяго сямнаццаць гадоў. На ўзвышшы за вёскай праходзіў нямецкі абарончы рубеж.


Дом у Яцвезі, дзе некалі жыла Яніна Рожка

Аднойчы пад вечар, калі сонца было яшчэ даволі высока, людзі заўважылі трактар, які рухаўся да вёскі з  боку  аэрадрома, што быў ля вёскі Кватары. У прычэпе сядзелі чырвонаармейцы. Яны прарываліся з акружэння і не бачылі, што едуць проста ворагу ў рукі. Заўважылі чырвонаармейцаў не толькі вясковыя жыхары, але і немцы. Як толькі трактар мінуў чыгуначны пераезд, пачаўся абстрэл дарогі з пушак. Над вёскай са свістам ляталі снарады. Было вельмі страшна, і людзі сталі хавацца хто ў склепе, хто пад памостам. Мая прабабуля са сваім бацькам заўважылі, як адзін снарад трапіў у трактар. Прычэп падняло ўверх, і ён адляцеў убок. 

Калі сцямнела, прабабуля з бацькам  узялі ліхтар і паціху прабраліся да кустоў, якія раслі ўздоўж чыгункі. Там яны знайшлі параненых чырвонаармейцаў. Адзін салдат ляжаў непрытомны. Калі прабабуля нахілілася, каб яму дапамагчы, то спалохалася ад убачанага. У яго на плячах была вялікая крывавая рана – вырвана лапатка. Ён паміраў.  Дванаццаці салдатам прабабуля з бацькам дапамаглі прабрацца да вёскі і схавалі ў сваім гумне. Цэлы тыдзень яна лячыла і карміла салдатаў. Пазней доўга хавала ў сваёй хаце жанчыну-яўрэйку з малым дзіцём, а гэта было вельмі небяспечна. Немцы жорстка распраўляліся і з яўрэямі, і з тымі, хто ім дапамагаў. 

Не ведаю, што адказала б на пытанне, ці змагла б я вось так, як прабабуля, рызыкуючы жыццём, дапамагаць людзям. Думаю, ніхто не адказаў бы адназначна. Невядома, як бы мы сябе паводзілі ў экстрэмальных умовах. Яркім доказам гэтага з’яўляюцца ўчынкі герояў з аповесці Васіля Быкава “Жураўліны крык”, іх паводзіны, іх маральны выбар. Мы захапляемся мужнасцю Свіста, Глечыка і асуджаем Аўсеева з Пшанічным. Дык ці не заслугоўваюць памяці такія, як мая прабабуля, тыя сотні, тысячы, мільёны загінуўшых, скалечаных, з ранамі на целе і душы, атрыманымі ў гэтай жорсткай барацьбе за вызваленне, за перамогу, за мірнае неба над нашымі галовамі?

Я ўпэўнена, заслугоўваюць. Мы павінны помніць пра подзвіг нашых продкаў заўсёды, нават калі не застанецца ў жывых ніводнага чалавека, які быў сведкам вайны. Як жа захаваць гэту памяць на вякі? Дзіця, нарадзіўшыся на свет, не ведае мінулага. Але ёсць бацькі, якія расказваюць гісторыю сваёй сям’і, ёсць школа, дзе знаёмяць з мінулым нашай краіны. Абавязкова ў будучым раскажу сваім дзецям і ўнукам гісторыю прабабулі.

Яшчэ Цыцэрон гаварыў: “Жыццё мёртвых працягваецца ў памяці жывых”.

Пакуль жыве памяць пра подзвіг салдатаў, вядомых і невядомых, мірных жыхароў, дарослых і дзяцей, пакуль у кожнай сям’і будуць ведаць і шанаваць імёны сваіх абаронцаў, свет можа быць спакойны. Памяць сэрца не дапусціць новай сусветнай вайны.

Вольга КУРМАН, вучаніца СШ № 2 імя М. П. Масонава г. Свіслачы