Афіцыйны сайт
28 мая 2020

Каменьчыкі ў падмурак памяці

У сталіцы прайшла ХІІІ Міжнародная моладзевая навукова-практычная канферэнцыя «Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гг. у гістарычнай памяці народа», арганізатарамі якой выступілі Інстытут гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, БДПУ імя М. Танка, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мінскі гарадскі ІРА. Актыўны ўдзел у ёй прынялі вучні ўстаноў адукацыі Свіслаччыны.

Усяго было заяўлена больш 300 работ з Беларусі, Расіі і Казахстана. Аднак у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у свеце рабяты са сваімі навуковымі кіраўнікамі не змаглі вочна прысутнічаць на абароне работ, таму ўсе даследаванні кампетэнтнае журы аналізавала дыстанцыйна. Па кожным з іх была дадзена аб’ектыўная адзнака, паказаны як станоўчыя моманты, так і недахопы.

Па выніках канферэнцыі дыпломам І ступені ўзнагароджана вучаніца 11 класа другой гарадской школы Крысціна Гадлеўская (кіраўнік Аляксандр Пясецкі). Вучань 8 класа Ханявіцкага ДС СШ Даніла Леванчук (на фота) атрымаў дыплом ІІІ ступені (кіраўнік Наталля Паўловіч), прадстаўніца Поразаўскай СШ Маргарыта Міхнюк атрымала пахвальны водгук (кіраўнік Таццяна Кухарчык).

Падводзячы вынікі, аргкамітэт адзначыў, што праца кожнага ўдзельніка канферэнцыі – гэта маленькі каменьчык у падмурак памяці народа аб жудасных, але і гераічных днях Вялікай Айчыннай вайны.

Уладзімір МІХАЛЬЧЫК