Галоўная / Навiны / Навiны раёна
08.04.2020

Лепшыя велікодныя кошыкі плятуць у Свіслачы

Майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага РЦКіНТ трымаюць марку: пастаянныя ўдзельнікі і прызёры абласной выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Велікодны падарунак», сёлета яны зноў у ліку лепшых.

Выстаўка-конкурс «Велікодны падарунак» на працягу месяца, з 20 сакавіка па 20 красавіка, месціцца ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Экспазіцыя налічвае больш за 300 экспанатаў (калекцыі велікодных яек, паштовак, кошыкаў, дэкаратыўных пано і вербаў), выкананых у самых розных тэхніках: салома- і лозапляценне, вышыўка, выцінанка, батык, кераміка, карункапляценне, лапікавае шыццё, ткацтва, пісанка, роспіс па дрэве і іншыя. І гэта – плён працы каля 80 майстроў з усіх куточкаў Гродзенскай вобласці. 

Наведаць выстаўку – значыць дакрануцца да традыцыйнай культуры Прынёмання, якая вылучаецца яркай самабытнасцю і непаўторнасцю, разгледзець захаваныя ў рукатворных вырабах архаічныя людскія ўяўленні пра свет, яго ўпарадкаванне і адчуць тонкую філасофію жыцця.
















Лёгка ўявіць, як няпроста было кампетэнтнаму журы ацаніць увесь гэты скарб і вызначыць аўтараў лепшых экспанатаў. Але конкурс ёсць конкурс. І вось нарэшце напружаныя моманты мінуліся, вынікі падведзены, пераможцы і прызёры названы. У іх спісе і свіслацкія рамеснікі. Майстар па саломапляценні Ірына Фунт стала лаўрэатам І ступені ў намінацыі «Лепшыя велікодныя кошыкі». Іна Шпак, майстар па лепцы з гліны, – лаўрэат ІІ ступені ў намінацыі «Лепшае дэкаратыўнае пано, прысвечанае велікоднай тэматыцы».

























– Штогод напярэдадні святкавання Вялікадня наш аддзел старанна рыхтуецца да ўдзелу ў абласной выстаўцы-конкурсе «Велікодны падарунак», – распавядае загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Аксана Васілька. – Прыемна, што нашымі работамі цікавяцца звычайныя наведвальнікі выставы, заўзятыя аматары народнага мастацтва, заўважае і журы. А мы са свайго боку кожны новы сезон намагаемся трымаць планку. Загартоўваем тое, што ведаем і ўмеем, і адначасова працягваем развівацца: трэба сказаць, такія конкурсы даюць вельмі добры штуршок для развіцця.

Наталля ТУРКО