Галоўная / Навiны / Навiны раёна
02.07.2020

Вышыванка для немаўляці

Напярэдадні Дня Незалежнасці актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі праводзяць акцыю “Падары вышыванку немаўляці!”. Уладальнікам адзення з нацыянальным беларускім арнаментам стаў і маленькі свіслачанін Цімур Беразаеў.

2 ліпеня да шматдзетнай сям’і Беразаевых (нованароджаны Цімур мае двух старэйшых братоў і сястрычку) з прыемнай місіяй – уручэннем сімвалічнага падарунка і букета з паветраных шароў – наведаліся першы сакратар і бухгалтар райкама ГА БРСМ Алёна Лобач і Ірына Гутар. Госці павіншавалі маладую маму з нараджэннем сыночка і папоўнілі гардэроб хлопчыка ўпрыгожаным арнаментам “бодзікам”.

– Акцыя “Падары вышыванку немаўляці!” праходзіць па ўсёй краіне ў рамках маладзёжнага праекта “Беларусь – крыніца натхнення”, – расказала Алёна Лобач. – Уся наша ўвага – дзеткам, якія нарадзіліся напярэдадні аднаго з важнейшых дзяржаўных святаў – Дня Незалежнасці. Чаму менавіта вышыванка? У гэтым ёсць глыбокі сэнс, бо чым быў традыцыйны арнамент для нашых продкаў? Своеасаблівым абярэгам. І мы, перадаючы немаўлятку вышыванку, жадаем, каб ён рос шчаслівым і абароненым ад усяго нядобрага. Разам з тым папулярызуем культурную спадчыну беларусаў.

Наталля ТУРКО

Фота аўтара