Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Таямнічыя помнікі

18.05.2024
Зямля беларуская стагоддзямі захоўвае незлічоныя помнікі старажытнасці. 

На тэрыторыі Свіслацкага раёна яны былі выяўлены і абследаваны археолагамі З. Глогерам, М. Федароўскім, Р. Якімовічам, Я. Звяругай і Г. Семенчуком у 1983–1984 гадах, В. Абухоўскім і В. Лакізай – у 1995-м, А. Квяткоўскай, Н. Кізюкевіч, В. Лакізай – у 2010-м. 

Селішча на паўночнай ускраіне в. Качкі, каменныя магілы перыяду Сярэднявечча каля в. Вілейшы, у Студзеніках і Палуянках, бескурганны могільнік каля в. Сакольнікі, каменныя магілы, гарадзішча каля в. Хрустава, каменныя могільнікі каля в. Вялікая Свянціца, стаянкі перыяду каменнага і бронзавага вякоў каля в. Грыцкі, камень-следавік каля г. п. Поразава, стаянка каля в. Ранявічы, каменны могільнік каля в. Ятвеск, стаянка каля в. Ражкі – усё гэта ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. 

Аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Свіслацкага райвыканкама вядзецца работа з уласнікамі гісторыка-культурных каштоўнасцей па папулярызацыі і захаванню аб’ектаў археалогіі. Сумесна з археолагамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі і УК “Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей” аддзелам былі праведзены работы па выяўленні, інвентарызацыі, нанясенні мяжы на карты землеўладальнікаў помнікаў археалогіі, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь па Свіслацкаму раёну. Па выніках работы складзены навуковыя пашпарты на выяўленыя  аб’екты археалогіі. Уласнікамі ўстаноўлены ахоўныя дошкі, на 10 помнікаў археалогіі распрацаваны праекты зон аховы. У раёне працуе межведамасны каардынацыйны савет па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны.

15 верасня 2017 года для свіслачан і неабыякавых да гісторыі людзей адбылася знакавая падзея. У файе дзіцячай школы мастацтваў ладзілася выстаўка археалагічных артэфактаў з раскопак сядзібы В. Тышкевіча ў г. Свіслачы ў рамках навукова-практычнай канферэнцыі “Мінулае і сучаснае свіслацкага краю”. Выстаўка была арганізавана супрацоўнікамі Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея і навуковымі супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі С. Ліневічам і С. Юрэцкім. Пасля навуковай апрацоўкі экспазіцыя Свіслацкага музея папоўнілася новымі археалагічнымі экспанатамі.

У гэтым годзе з мэтай прапаганды гісторыка-культурнай спадчыны раёна музей прапануе турыстам і свіслачанам новы від платнай паслугі – тэматычную экскурсію з наведваннем аб’ектаў археалогіі “Помнікі мінуўшчыны”. Запрашаем!

Вольга ШКУЛЕПА, старэйшы навуковы супрацоўнік Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея
© Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт, 2024.