Галоўная / Карысная інфармацыя / Выдатныя мясціны

Выдатныя мясціны

Царква Узвіжання Крыжа Гасподня  г.Свіслач.

 

Будынак з вялікім склепам прызначаўся для сямейнага пахавання Тышкевічаў. Пабудаваны ў 1782г., паколькі праваслаўная царква згарэла ў час вайны, то ён быў прыстасаваны пад царкву. У апошні час царква абкладзена цэглай, зменены інтэр’ер. Храм складаецца з прытвора і аднабруснай званіцы, прамавугольнага ў плане аб’ёму з паўкруглымі бакавымі прыбудовамі і прамавугольнай апсіды. Пакрыта двухскатным дахам. Фасады прарэзаны аконнымі праёмамі з паўцыліндрычным завяршэннем. Царква – помнік сучаснай культавай архітэктуры, з элементамі старажытнага стылю.

 

 

 

Царква Святой Прападобнай Параскевы в.Вялікая Свянціца.

 

 На ўсходняй ускраіне вёскі пабудавана ў першай палове 19 стагоддзя з цэглы і каменю. Помнік архітэктуры позняга класіцызму. Вырашана невялікім прамавугольным аб’ёмам пад двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны трохвугольным франтонам, пад якім узвышаецца цыбулепадобны купал на васьмігранным барабане. Уваход вылучаны нізкім двухкалонным ганкам, над якім паўкруглая люкарна. Сціплае дэкаратыўнае вырашэнне фасадаў абмежавана атынкаванымі і пабеленымі вуглавымі лапаткамі, карнізам і ліштвамі прамавугольных аконных праёмаў на шэрым фоне сцен.

 

 

 

Касцёл Святога Францішка з Асыжу г.Свіслач.

 

 Пабудаваны ў 1990-я гг. з цэглы і бутавага каменю. Твор архітэктуры неагатычнага стылю. Вырашаны працяглым прамавугольным у плане 2-часткавым аб’ёмам пад 2-схільным дахам. Над плоскасным, расчлянёным на 3 праслы і 3 ярусы франтальным фасадам узвышаецца 2-ярусная 4-гранная шатровая званіца. Бакавыя плоскасныя фасады рытмічна падзеляны парнымі арачнымі аконнымі праёмамі і пілонамі ў прасценках.

 

 

 

Царква Святой Тройцы  г.п. Поразава.

 

Пабудавана ў цэнтры населенага пункта ў 1872гг. з цэглы на месцы царквы, якая згарэла ў 1868г. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Чатырохчастковая аб'емна-прасторавая кампазіцыя складаецца з 8-граннай званіцы над кубападобным прытворам, кароткай трапезнай, папярочнай прамавугольнай у плане малітоўнай залы, пяціграннай апсіды з бакавымі рызніцамі. Двухсхільны дах асноўнага аб'ёму завершаны па цэнтры цыбулепадобным купалам на 8-гранным барабане, па ўскрайках – макаўкамі. Макаўкамі завершаны вальмавы дах апсіды і шацёр званіцы. Тры ўваходы ў прытворы вырашаны калоннымі арачнымі парталамі, арачныя аконныя праёмы дэкарыраваны рустам. 

 

 

 

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла г.п.Поразава.

 

Пабудаваны ў 1825-1828 гг. з цэглы і бутавага каменю. Помнік архітэктуры, у якім спалучаны мясцовыя традыцыі і формы класіцызму. Прамавугольны ў плане будынак пакрыты 2-схільным дахам. Галоўны фасад завершаны 3-вугольным франтонам з галоўкай. Сцены з украпаваннямі бутавых камянёў. На іх маляўнічай паліхромнай паверхні кантрастна вылучаюцца атынкаваныя і пабеленыя пілястры, плоскія ліштвы прамавугольных аконных праёмаў, трыгліфны фрыз з карнізам на дэнтыкулах і франтон галоўнага фасада. Унутры зала перакрыта плоскай драўлянай столлю. Уздоўж заходняй сцяны-балкон хораў. Спрошчаная архітэктура інтэр’ера ўпрыгожана разнымі алтарамі, кафедрай-амбонам, паліхромнай драўлянай скульптурай 18 стагоддзя. У надбрамнай званіцы- звон з сюжэтнай гравіроўкай, адліты ў 1749г.

 

 

 

Касцёл Францысканцаў (Вялікая Лапеніца) в.Грынявічы.

 

Пабудаваны ў 1792г. манахамі. Будынак спланаваны па рымска-каталіцкаму канону ў выглядзе трохнефавай базілікі. На магутнай аркадзе пры ўваходзе пакоіцца прасторная галерэя хораў, прызначаная для аргана. Як і знадворку храма, яго ўнутраны дэкор заснаваны на спалучэнні вертыкальна працягнутых уздоўж сцен карнізаў.   У 1870г. касцёл быў  пераасвячоны ў праваслаўную царкву. Захаваліся фрагменты мураванай агароджы і брама 18 стагоддзя ў напаўзруйнаваным стане. Манументальны мураваны храм - помнік архітэктуры барока, яго завяршальнай стадыі развіцця. Майстры барока імкнуліся асноўны архітэктурна-дэкаратыўны акцэнт стварыць на галоўным фасадзе, які тут выступае пукатай, насычанай пластыкай сцяной, - лапаткі, нішы, прафіліроўкі. З высокай пласцінай галоўнага фасада схаваны “карабель” храма, які характарызуецца буйнамаштабнасцю, аскетызмам дэкору масіўных архітэктурных аб’ёмаў. З перабудовай храма пад царкву яго барочная архітэктура набыла элементы старажытнарускага дойлідства – цыбулепадобныя купалы і макаўкі, кілепадобны шчыт над франтальным фасадам і такія ж абрамленні арачных аконных праёмаў.Ад будынка касцёла захавліся сцены, дзверы з каванымі накладкамі, фрагменты мураванай агароджы і брама XVIII стагодззя.

 

 

 

Царква Успення Прасвятой Багародзіцы в.Дабраволя.

 

Пабудавана ў 1840 годзе з дрэва, трохзрубная, на падмурку. Помнік драўлянага дойлідства. Цэнтральны кубападобны зруб накрыты шатровым дахам, завершаным цыбулепадобнай галоўкай на 8-гранным барабане. Па падоўжнай восі далучаны квадратныя пад 2-схільнымі пакрыццямі аднолькавыя па габарытах прытвор і апсіда. Сцены ашаляваны гарызантальна. У дэкаратыўнай аздобе выкарыстаны разныя фрызы, падзоры, ліштвы аконных праёмаў і дзвярэй.

 

 

 

Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы  в. Ятвеск.

 

 Пабудавана ў 1879г. на паўночнай ускраіне вёскі з цэглы, на фундаменце. Адноўлена ў 1996г. Храм складаецца з асноўнага аб’ёма і прытвора са званіцай. Асноўны аб’ём пакрыты чатырохсхільным дахам з галоўкай. Аконныя праёмы ў прытворы і асноўным аб’ёме арачныя, здвоеныя, з паўкалонамі па баках. Дэкор фасадаў уключае арнаментальныя паясы, вугольныя лапаткі. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Вырашана падоўжна-восевай 4-часткавай кампазіцыяй, якую фарміруюць паслядоўна размешчаныя прытвор, трапезная, малітоўна зала, апсіда. Вертыкальнай дамінантай у сілуэце будынка з’яўляецца надбудаваная над прытворам 8-гранная званіца, шацёр якой завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Такое ж завяршэнне набыў пакаты 4-схільны дах асноўнага кубападобнага аб’ёму.

 

 

 

         “Фрагменты былой сядзібы” в.Вердамічы.

 

         Комплекс збудаваны ў XIXст. на землях, набытых Юльянам Талочкам, упершыню маёнтак пазначаны як маёмасць Талочкаў у 1817г. Да першай чвэрці XIX стагоддзя на месцы маёнтка рос лес. Каля 1830 года Юльян Талочка пабудаваў палац і заклаў парк, як сядзібны парк пейзажнага тыпу на раўнінным рэльефе, (плошча каля 12 га). Цэнтрам кампазіцыі быў палац (не захаваўся; спалены ў 1915 годзе), які з паўночнага захаду і паўночнага ўсходу абмежавала сістэма вадаёмаў, з паўднёвага ўсходу і паўднёвага захаду - парк з размешчанымі ў ім мураванымі гаспадарчымі пабудовамі. Перад паўднёвым фасадам палаца быў круглы ў плане парадны двор. Тэрыторыя абнесена мураванай сцяной. Ад уяздной брамы разыходзяцца цэнтральная і кальцовая алеі.  

 

       Акрамя парка і палаца на тэрыторыі сядзібы былі і іншыя пабудовы: два флігеля, мураваная ўездная брама, кузня, амбар, спіртовы завод, лядоўня.Па-за межамі палаца знаходзіліся могілкі, на якіх у 1905 годзе па праекце архітэктара Тадэвуша Стрыенскага была пабудавана родавая капліца ў стылі неаготыкі. Капліцу пабудавалі адмыслова для старэйшага сына Юльяна, які памёр у 1904 годзе ў 15 год. Да неагатычнай капліцы ад дома ўздоўж саду праз парк вяла ліпая алея. На фасадзе капліцы напісана: "Synowi" ("Сыну"). У гонар сыну Юльян устанавіў у парку крыж на гранітным пастаменце. Капліца Юльяна Талочкі была адноўлена ў 1998 годзе.

 

       Варта спынніца на архітэктурным абліччы прыбудоўкі да галоўнага корпуса спіртзавода. Імпазантны фасад нагадвае знешнім выглядам велічны сабор. Спірзавод быў для гаспадароў самым галоўным “карміцелем” і сімвалам усяго іх заможнага жыцця. Паўночна – ўсходні фасад спіртзавода з’яўляецца ўнікальным па прыгажосці прыкладам прамысловай архітэктуры канца XIX – XX ст.

 

 

 

Помнік Кастусю Каліноўскаму г.Свіслач

 

Кастусь Каліноўскі - беларускі рэвалюцыянер-дэмакрат, кіраўнік паўстання 1863-1864 гг. на Беларусі і Літве, нарадзіўся 2 лютага 1838 г. у вёсцы Мастаўляны Беластоцкага ваяводства. У 1855 г. скончыў Свіслацкую гімназію, у 1860 г. – Пецярбургскі ўніверсітэт.

 

У пачатку 1861 года вярнуўся на Беларусь.З В. Урублеўскім у Гродне стварыў з разначыннай інтэлігенцыі нелегальную рэвалюцыйна-дэмакратычную арганізацыю, якая наладзіла сувязь з рэвалюцыйнымі арганізацыямі Вільні. Разам з В.Урублеўскім і Ф.Ражанскім у 1862г.  – пачатку 1863г. выдаваў на беларускай мове нелегальную рэвалюцыйна-дэмакратычную газету “Мужыцкая праўда”. У 1862 г. у камітэце па падрыхтоўцы паўстання, створанам у Вільні, К.Каліноўскі ўзначаліў рэвалюцыйна-дэмакратычнае крыло. 22 сакавіка 1864г. К.Каліноўскі пакараны смерцю.

 

Пагрудны бюст К.Каліноўскага пастаўлены на высокім пастаменце пірамідальнай формы. Стрыманы парыў, гордая незалежнасць, духоўная актыўнасць героя перададзены ў павароце галавы, смелым позірку, у рысах твару. Кампазіцыя бюста ажыўлена рухам рукі, якая трымаецца за штрыфель фрака. Стараная  прапрацоўка форм, дэталей касцюма надае вобліку жыццёвую канкрэтнасць і верагоднасць. (беларускі скульптар Заір Азгур)

 

Помнік устаноўлены ў 1958г.

 

 

 

“Комплекс былой сядзібы: сядзібны дом, парк” г.п. Поразава.

 

Помнік       сядзібна-паркавай архітэктуры    сярэдзіны    XIX стагодцзя. У ансамбль уваходзяць сядзібны дом і парк. Сядзібны дом - прамавугольны ў плане будынак, накрыты высокім ламаным дахам. У архітэктуры будынка    спалучаюцца    рысы барока    і  класіцызму.    Дом збудаваны на падмуркуз   драўляных   брусаў. Сцены        знадворку ашаляваныя, у сярэдзіне атынкаваныя.  Тры рызаліты (над сярэднім - мансарда) вылучаны на галоўным фасадзе выступамі, на паркавым - гранёнымі эркерамі з ламанымі шатровымі дахамі. Тарцы дома фланкіраваны двухпавярховымі вежападобнымі алькежамі, завершанымі спічастымі шатровымі дахамі. Цэнтральны ўваход аформлены 4-слуповым ганкам. У аздобе фасадаў выкарыстана разьба (балясіны, валюты, ліштвы). Першапачатковая анфіладная планіроўка дома зменена на калідорную. Інтэр'еры не зберагліся. З усходняга  і паўночнага бакоў дом акружае пейзажны парк. Да яго з заходняга боку ў выглядзе баскета прымыкае сад і гаспадарчы двор. Ад партэра праз парк да гаспадарчага двара праходзіць ліпавая алея, якая заніруе заходнюю частку парку з маляўнічымі рэдкімі пасадкамі старых дрэў. Алея, відавочна, элемент старой кампазіцыі. Яна прадстаўлена дрэвамі ва ўзросце 150-180 гадоў. Паўночна-ўсходнюю частку парка займае вялікая паляна, абсаджанная нешырокай паласой дрэў з чаромхай. Уздоўж яе, перпендыкулярна пойме, праходзіць другая ліпавая алея шырынёй 4 м. У пойме была невялікая водная сістэма з трох вадаёмаў, запоўненых вадой з р.Росі. Сістэма парушана, вадой запоўнены адзін квадратны вадаём. Частка парку за сядзібным домам прадстаўлена дрэвамі: клён, елка,ясень, белая акацыя і ліпа.

 

“Будынак былой гімназіі” г. Свіслач

 

Свіслацкая гімназія – адна  з 8 сярэдніх навучальных устаноў адкрытых на тэрыторыі Беларусі і Літвы паводле плану ўтварэння Віленскай навучальнай акругі, распрацаванага кіраўніцтвам Віленскага ўніверсітэта на чале з рэктарам Янам Снядэцкім. Заснаваная ў 1804г. як Гродзенская губернская акадэмічная гімназія для навучання моладзі з Брэсцкага, Пружанскага, Кобрынскага, Ваўкавыскага, Слонімскага і Гродзенскага паветаў. Адкрытая ў 1805 г., у 1834г. страціла статут губернскай. Пабудована ў 1829 годзе з цэглы па праекту землямера Віленскага ўнівесітэта Яна Шантара.

 

Прамавугольны ў плане аднапавярховы будынак накрыты двухсхільным дахам. Заходні тарцовы фасад аформлены каланадай дарычнага ордэра з атыкам. 2 уваходы на бакавым (паўднёвым) фасадзе вырашаны ў выглядзе порцікаў з 2 парамі квадратных ў сячэнні слупоў.

 

Выхаванцамі Свіслацкай гімназіі былі: вучоны, арыенталіст, акадэмік Пецярбургскай акадэміі навук В.Кавалеўскі, прафесар Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі С.Горскі, выдатны польскі пісьменнік Ю.Крашэўскі, яго брат, таксама пісьменнік, Каэтан, кампазітар і мастак Н.Орда, арганізатары і удзельнікі паўстання 1830 – 1831г.г. Л.Зянковіч, Р.Сухадольскі і В.Гельтман, кіраўнікі паўстання 1863 – 1864г.г. К.Каліноўскі і Р.Траўгут.

 

Унутраная планіроўка і дэкор інтэр′ера не захаваліся. У захаваўшымся будынку размяшчаецца дзіцячае аддзяленне УАЗ “Свіслацкая цэнтральная раённая бальніца”.

 

 

 

Мемарыяльны комплекс «Асілак» г. Свіслач

 

Мемарыяльны комплекс «Асілак» прысвечаны жыхарам Свіслацкага раёна, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, быў адкрыты 16 ліпеня 1989 гады ў 45-ю гадавіну вызвалення Свіслачы ад нямецка-фашысцкай акупацыі. Ён размешчаны на ўскраіне Свіслачы, каля скрыжавання былога Екацярынінскага гасцінца і кальцавой дарогі вакол Нацыянальнага парку «Белавежская пушча».

 

 Аўтары і выканаўцы мемарыяла - скульптар П. А. Цомпель, архітэктары Ю. В. Казакоў і М. С. Карпюк.

 

У кампазіцыю мемарыяльнага комплексу «Асілак» уваходзіць: скульптура, гармата, БМД-1 і мемарыяльныя пліты, на якіх нанесены прозвішчы 1162 свіслачан, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Мемарыял займае плошчу ў 1,2 гектара.      

 

Галоўны элемент - скульптура абаронца зямлі беларускай «Асілак», над якой працаваў беларускі скульптар Павел Аксанавіч Цомпель. Паводле яго эскізу была створана скульптура са зварных медных лістоў вышынёй 11,5 метраў. Па задумцы аўтара, скульптура беларускага волата - гэта сімвал і ўвасобленая душа свіслацкай зямлі.

 

 

 

Алея помнікаў г.Свіслач

 

 На вуліцы 17 верасня, якая ідзе ад цэнтральнай плошчы да гарадскога парку, размешчана Алея помнікаў. Адкрывае яе Помнік савецкім воінам, вызваленцам Свіслачы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тут пахаваны 398 воінаў 190-га стралковага палка 5-й стралковай дывізіі 3-й арміі другога Беларускага фронта, а таксама воіны 336-га стралковага палка і партызаны, якія загінулі пры вызваленні Свіслачы. Сярод загінуўшых — Герой Савецкага Саюза, камандзір 217-стралковай дывізіі палкоўнік Мікалай Паўлавіч Масонаў.

 

         Далей размешчаны помнік Леніну і Сталіну. Помнік  Рамуальду Траугуту, выпускніку Свіслацкай гімназіі, актыўнаму дзеячу  нацыянальна-вызваленчага руху 1863-1864гг., генералу, удзельніку Крымскай вайны.     

 

Самым  маладым на алеі лічыцца памятны знак землякам, якія загінулі пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку. Яго адкрыццё адбылося ў ліпені 2009 года. Над двухметровым каменем-сімвалам вечнасці ўзмывае ў неба птушка арол – мужная, верная і гордая істота. Адным сваім крылом ён дакранаецца да каменя, нібы пераймаючы ў сябе душы загінуўшых воінаў. Іх імёны высечаны на 10-канцовай зорцы. 10 – гэта дзесяць поўных выпрабаванняў гадоў афганскай вайны.

 

 

 

Гарадскі парк г.Свіслач

 

       Парк быў закладзены Крышпінам Кіртанштэйнам ў XVII стагоддзі па ўзоры рэгулярных паркаў Францыі, росквіт якіх прыходзіўся на эпоху абсалютызму і звязаны з творчасцю выдатнага архітэктара Андрэ Ленотра.

 

У канцы ХIХ стагоддзя пры Вікенціі Тышкевічы парк атрымаў новае пейзажнае афармленне, з’явіліся экзатычныя дрэвы. Адным з галоўных элементаў у кампазіцыі сталі паркавыя алеі, апраўленыя двума або чатырма радамі дрэў, якія адкрывалі далёкія перспектывы на навакольную мясцовасць.

 

Будынак палаца размяшчаўся ў баку ад паркавых кампазіцый, за ліпава-грабавай алеяй (гэта характэрны элемент сядзібна-паркавых ансамбляў у стылі галандскага барока).

 

Усходняя частка парку мела самастойнае кампазіцыйнае рашэнне. У аснове яго 2 вузкіх глыбокіх вадаёма, выцягнутыя па ўсёй шырыні парку. У паўночнай частцы яны злучаліся каналам, у паўднёвай - ракой Свіслач.

 

Парк пачынаўся ад квадратнай сажалкі з круглым востравам у сярэдзіне. Ад яе ішло разгалінаванне да звярынца, праз якое трэба было пераходзіць па развадному масту. Далей рос бярозавы гай з падстрыжанымі верхавінамі дрэў, каб можна было бачыць горад.  Уся плошча парку была пакрыта травой, без адзінай кветачкі, ён быў перарэзаны каналамі, што злучаліся з галоўнай сажалкай, абромленай дзвюма старымі ліпавымі алеямі. Заканчваўся парк, драўляным збудаваннем, у якім размяшчалася аранжарэя з некалькімі пакоямі для гасцей. Недалёка ад яе, узвышалася вытанчаная мураваная альтанка.

 

 

 

Балота “Дзікае”

 

Да ліку прыродных аб’ектаў, якія размешчаныя на Свіслаччыне і заслугоўваюць увагі вучоных, турыстаў, паэтаў, мастакоў, людзей не абыякавых да праблем экалогіі, па праву можна аднесці балота Дзікае.

 

“Дзікае” – адно з буйнейшых у Еўропе балот нізіннага і пераходнага тыпу, якое захавалася ў натуральным стане. Падобных балот у свеце ўсяго чатыры. Знаходзіцца ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці   і Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці.   

 

У 2001 годзе балота Дзікае ўвайшло ў склад НП “Белавежская пушча”. Балотны масіў размешчаны на водападзеле двух буйных басейнаў: Балтыйскага  і Чорнаморскага.  Ён фарміруе і падтрымлівае гідралагічны рэжым нацыянальнага парку “Белавежская пушча”  і рэгіёна ўвогуле.

 

“Дзікае” – равеснік егіпецкіх пірамід. Узрост  балотнага масіва састаўляе амаль  больш за шэсць тысяч год. Сярод паросшага асакой балота  раскіданы шматлікія  астравы, пакрытыя лесам. З  драўняных  парод дамініруюць елка, сасна і бяроза.

 

Балота насяляюць 14 відаў птушак, 2 віда млекакормячых, 13 відаў насякомых і 14 відаў раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Усяго расце 680 відаў раслін, жыве 28 відаў млекакормячых, 99 відаў птушак, 4 – рэптылій і 5 – амфібій.

 

 

 

Дом-сядзіба графа Тышкевіча в.Жаркаўшчына

 

У Белавежскай пушчы размешчаны дом графа Тышкевіча. Самы першы будынак не захаваўся. Цяперашні адноўлены у 1936 годзе. У 1933 году 13 нашчадкаў Тышкевіча на чале з графіняй Аленай адсудзілі ў Польскай дзяржавы каля 15 тысяч гектараў лесу і па старадаўніх чарцяжах ўзвялі сядзібу.Знаходзіцца яна у Свіслацкім лясніцтве на тэрыторыі былой Свіслацкай дачы. Гэты дом, захаваўся да цяперашняга часу.

 

Яго архітэктурны стыль ўласцівы менавіта таму часу, калі падобнымі дачамі абзаводзіліся многія саноўныя асобы. Тры паверхі, будынка выкананы ў розных стылях, не паўтараючы, а дапаўняючы адзін аднаго.

 

Акрамя традыцыйнага каміна на першым паверсе маецца шырокая парадная лесвіца, якая вядзе на другі паверх. Яе драўляныя парэнчы прыгожа выгнуты і ўпрыгожаны двума вялікімі шарамі, асада са шкельцамі з суцэльнага дрэва. На трэці паверх вядзе вузкая вінтавая лесвіца. 

 

Да дома прылягае парк-дэндрарый. Тут па сённяшні дзень захаваліся дрэвы і кустарнікі, якія не растуць на тэрыторыі пушчы. Найбольш адметнымі сярод іх з’яўляюцца чырвоны клён і веймутава сасна. Першы здзіўляе незвычайным колерам лісця ў восеньскую пару, а другая – буйным памерам іголак і шышак.

 

 

 

Былая сядзіба К. Каліноўскага і яго сям'і ў в.Якушоўка.

 

На месцы сядзібы К.Каліноўскага ўсталяваны каменны валун з надпісам на мемарыяльнай дошцы: «Тут быў маёнтак, у якім жыў з 1849 па 1855г.г. рэвалюцыянер-дэмакрат, кіраўнік паўстання 1863 - 1864г.г. у Беларусі і Літве, выдавец беларускай нелегальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты «Мужыцкая праўда» наш зямляк Канстанцін Сямёнавіч Каліноўскі (Кастусь Каліноўскі). Захаваўся падмурак ткацкай фабрыкі, алея пасаджаная К. Каліноўскім.