Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
01.04.2021

Караеў: якасць уласнай прадукцыі - залог вытворчай бяспекі

Памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў і старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой

Памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў і старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой


31 сакавіка, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Важна, што ў Беларусі не проста вырабляюцца ўласныя прадукты харчавання, а выпускаецца якасная прадукцыя з натуральнай сыравіны. Такое меркаванне сёння журналістам у час наведвання ААТ "Гроднахлебпрам" выказаў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Юрый Караеў азнаёміўся з работай прадпрыемства, асартыментам выпускаемай прадукцыі, а таксама правёў сустрэчу з калектывам.

"Пытанням харчовай бяспекі заўсёды ўдзялялася павышаная ўвага. У гэтым плане вельмі важна, што сёння ў нашай краіне не проста вырабляюцца ўласныя прадукты харчавання, а выпускаецца якасная прадукцыя з натуральнай сыравіны", - адзначыў Юрый Караеў. Ён падкрэсліў, што не выпадкова беларускія прадукты папулярны за мяжой.

"А мы ж часам не цэнім уласныя якасныя і натуральныя прадукты. Хоць не ўсяму свету гэта даступна. У многіх краінах свету за натуральнасць даводзіцца даплачваць немалыя грошы", - звярнуў увагу Юрый Караеў. Ён высока ацаніў узровень вытворчасці на прадпрыемстве, падзякаваў калектыву за якасную работу, накіраваную на стваральны рух наперад.

У час сустрэчы ўзнімаліся розныя тэмы. Некаторыя датычыліся ў цэлым пытанняў аб горадзе і рэгіёне, развіцці краіны, іншыя мелі больш лакальны, жыццёвы характар. На шэраг пытанняў адказы далі ў час сустрэчы. Іншыя будуць перададзены для вывучэння ў адпаведныя службы і міністэрствы. Юрый Караеў падкрэсліў, што такія сустрэчы даюць магчымасць максімальна аператыўна забяспечыць зваротную сувязь, данесці пытанні да тых, ад каго залежыць іх хуткае вырашэнне.

Сёння ААТ "Гроднахлебпрам" аб'ядноўвае некалькі прадпрыемстваў з Гродна, Ваўкавыска, Ліды, Навагрудка, Слоніма і Смаргоні. На прадпрыемстве працуюць 1,8 тыс. чалавек. У суткі на прадпрыемствах вырабляецца да 100 т хлебабулачных вырабаў. Прадукцыя пастаўляецца на прылаўкі магазінаў не толькі Гродзенскай вобласці, але і суседніх рэгіёнаў. У асартыменце сотні розных пазіцый. Пастаянна асвойваецца выпуск новай прадукцыі.

Сёння, дарэчы, на прадпрыемстве пачалі выпуск велікоднай прадукцыі. Старт вытворчасці асвяціў настаяцель Брыгіцкага касцёла ў Гродне ксёндз Антоній Грэмза. На прадпрыемстве адзначылі, што такі падыход важны ў пандэмію: пакупнікі непасрэдна ў магазіне набудуць асвячоныя кулічы і кексы. Дарэчы, вырабляюць велікодную прадукцыю па традыцыйных рэцэптах.