Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
19.01.2021

"Аднавілі страчанае ў бытнасць СССР" - Лукашэнка ацаніў развіццё лясной гаспадаркі ў Беларусі

19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння з дакладам намесніка прэм'ер-міністра Аляксандра Субоціна і міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я запрасіў вас, каб абмеркаваць стан спраў у асноўнай нашай галіне, фундаментальнай. Гэта адна з базавых галін нашай эканомікі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што каля 40 працэнтаў тэрыторыі Беларусі займаюць лясы - найкаштоўнейшы аднаўляльны рэсурс. За гады незалежнасці іх плошча была павялічана амаль на 1 млн га. "Гэта сведчыць, што мы не "драпежнікі" і да прыроды, таго рэсурсу, які дараваны нам Госпадам, ставімся па-чалавечы", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь - адна з вядучых дзяржаў Еўропы з пункту гледжання лясных рэсурсаў. Каранёвы запас драўніны дасягнуў амаль 2 млрд куб.м. Доля спелых лясоў і перастойнага дрэвастою перасягнула 20 працэнтаў ад агульнага запасу.

"І, што вельмі важна, мы аднавілі тое, што было страчана ў бытнасць Савецкага Саюза, калі ўсю дзелавую драўніну (я гэта памятаю) гналі эшалонамі за межы краіны, секлі, вазілі, адпраўлялі ў Германію або Румынію, а яны нам прывозілі адтуль мэблю. Тады доля спелых лясоў складала 3 працэнты, сёння - 20 працэнтаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, лясная галіна працуе стабільна, нягледзячы на складанасці эпідэміялагічнай сітуацыі. Як і сельская гаспадарка, дрэваапрацоўка ў мінулым годзе паказала добрыя вынікі. "У дрэваапрацоўцы вялікая ж заслуга ваша, таму што крыніца, сыравіна - гэта нашы лясныя рэсурсы. Вы таксама нібыта бы нядрэнна спрацавалі, аж да вырашэння тых праблем і задач, якія былі мною пастаўлены па перапрацоўцы адходаў. Вельмі шмат у нас было караедаў у апошнія гады, мы вымушаны былі вельмі шмат высечы лясных масіваў з мэтай прафілактыкі, - нагадаў Прэзідэнт. - Паставілі пелетныя заводы, пачалі выпрацоўваць найкаштоўнейшае паліва. Як вы дакладваеце, усё закантрактавана і ўсе гэтыя прадпрыемствы выйшлі на прыбытак. Попыт на гэту прадукцыю будзе заўсёды".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нізкаякасная драўніна запатрабавана як за мяжой, так і на ўнутраным рынку. "Нам самім трэба закрыць патрэбнасці, каб замясціць для ацяплення прыродны газ. Чаго мы палім імпартны рэсурс, а ў сябе пад нагамі гэты велізарны рэсурс. Таму я абсалютна падтрымліваю вашу прапанову, што нам на перспектыву трэба вызначыць, колькі вы будзеце нарыхтоўваць гэтых дроў, пелет і шчэпак для ўнутраных патрэбнасцей. Мы павінны ацяпляць дамы, вёскі, аграгарадкі, гарады дровамі. У нас хапае гэтага аднаўляльнага рэсурсу. Такім чынам мы можам скараціць спажыванне прыроднага газу, за які мы плацім вялікія грошы", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Эканамічныя паказчыкі лясной галіны застаюцца стабільнымі. Стратныя арганізацыі адсутнічаюць, а даход больш як у два разы перавышае аб'ём бюджэтнага фінансавання. "Гэта вельмі добры паказчык. Гэта тое, аб чым мы марылі гадоў 15-20 таму", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што стан спраў у лясной гаспадарцы і перспектывы развіцця гэтай галіны трэба абмеркаваць не толькі ў вузкім коле, а на сур'ёзнай нарадзе.

Як далажыў міністр лясной гаспадаркі, сёння лясістасць Беларусі блізкая да аптымальнай. Калі ў пасляваенныя гады яна складала каля 21 працэнта, то цяпер перавышае 40 працэнтаў. "Калі гаварыць пра састаў беларускіх лясоў, то сасна ў нас займае практычна 55 працэнтаў, бяроза - да 19 працэнтаў, елка - 11 працэнтаў", - расказаў Віталь Дрожжа.

Ён таксама праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб нарошчванні аб'ёмаў вытворчасці пасадачнага матэрыялу, запрасіўшы Прэзідэнта пабываць у новым цяплічным комплексе пры Рэспубліканскім лясным селекцыйна-насенняводчым цэнтры. Яго паспелі ўжо ацаніць расійскія партнёры. "Там цалкам перадавыя тэхналогіі па вырошчванні пасадачнага матэрыялу. Мы ўжо ідзём далей - вырошчваем пасадачны матэрыял і ствараем беларускія лясы на 50 працэнтаў селекцыйным пасадачным матэрыялам. Значыць, ужо генетыкі і селекцыянеры працуюць у гэтай частцы", - дадаў міністр.

Пасля завяршэння даклада Віталь Дрожжа расказаў журналістам аб рабоце лясной галіны. "Вынікі года дастаткова здавальняючыя. Мы сёння спрацавалі ў гістарычным максімуме па выручцы, экспарце нашай прадукцыі. Мы своечасова і ў адпаведнасці з графікам росту заработнай платы яе выплачваем. У галіне адсутнічаюць стратныя арганізацыі. Эканамічны складнік даволі паспяховы", - сказаў ён.

Паводле слоў міністра, Прэзідэнт паставіў задачу прадоўжыць работу па ўключэнні ў абарот усяго існуючага драўнянага рэсурсу, стварэнні вытворчасцей па выпуску паліўных пелет. "Адсюль вынікае і яшчэ адна задача - перагледзець яшчэ раз выкарыстанне мясцовых відаў паліва, якія з'яўляюцца аднаўляльнымі рэсурсамі. У бліжэйшы час будуць перагледжаны падыходы да выкарыстання газу ў выглядзе паліва. Мы падлічым усю мэтазгоднасць пераходу з газу на шчэпкі, пелеты, брыкеты і гэтай далей, і адпаведныя рашэнні будуць прыняты", - заявіў Віталь Дрожжа.

Адказваючы на пытанне БЕЛТА, міністр таксама расказаў, што ў Беларусі за апошні час у цэлым удаецца вырашаць праблему караеднага ўсыхання хвойных дрэў. Плошчы хворых лясоў зменшыліся прыкладна ў тры разы. "Мы лічым, што гэту праблему ўдалося вырашыць, мы з ёй справіліся", - падкрэсліў кіраўнік ведамства.-0-