Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
16.03.2021

Андрэйчанка: карэкціроўка Канстытуцыі павінна ажыццяўляцца толькі па тых пытаннях, якія наспелі і відавочныя

15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Карэкціроўка Канстытуцыі павінна ажыццяўляцца толькі па тых пытаннях, якія наспелі і відавочныя. Аб гэтым заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка сёння на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з членамі Канстытуцыйнай камісіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Народнае адзінства сёння - асноўнае запатрабаванне грамадства. Вельмі сімвалічна, што старт рабоце Канстытуцыйнай камісіі дадзены менавіта ў Дзень Канстытуцыі, прыняцце якой дало магчымасць аб'яднаць народ і паспяхова будаваць беларускую дзяржаўнасць на працягу чвэрці стагоддзя. Сёння перад намі новыя выклікі, і работа, безумоўна, чакаецца няпростая. Неабходна забяспечыць далейшае развіццё дзяржавы і грамадства, захаваўшы пры гэтым суверэнітэт, грамадзянскі мір і згоду", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Ён адзначыў, што гэта пацвярджае і аналіз тых прапаноў, якія паступілі ў ходзе правядзення дыялогавых пляцовак, а таксама непасрэдна ў Палату прадстаўнікоў. "Галоўная выснова: абсалютная большасць насельніцтва выступае супраць радыкальных рэформ. Практычна ніхто не сумняваецца ў такіх бясспрэчных каштоўнасцях, як незалежнасць краіны, сацыяльная дзяржава, шматвектарны знешнепалітычны курс, развіццё дружалюбных адносін з Расіяй і ўдзел у інтэграцыйных працэсах", - адзначыў спікер палаты беларускага парламента.

Уладзімір Андрэйчанка таксама заявіў, што людзі падтрымліваюць ідэю захавання прэзідэнцкай рэспублікі, разумеючы, што менавіта яна з'яўляецца гарантам эфектыўнасці змяненняў у эканоміцы, дзяржаўным ладзе, грамадскім развіцці.

"Таму да змянення Канстытуцыі трэба падыходзіць вельмі ўзважана, крытычна ацэньваючы прапановы, якія паступаюць ад розных сацыяльных груп, нярэдка прэтэндуюць на меркаванне большасці. Упэўнены, што патэнцыял дзеючай Канстытуцыі далёка не вычарпаны, і яе карэкціроўка павінна ажыццяўляцца толькі па тых пытаннях, якія сапраўды наспелі і відавочныя", - заявіў ён.

Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, аб гэтым сведчыць і той факт, што значная частка прапаноў, якія паступілі, не датычыцца непасрэдна Канстытуцыі, а знаходзіцца у плоскасці праблем рэалізацыі сацыяльнай, маладзёжнай палітыкі дзяржавы, пытанняў экалогіі, жылля, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і гэтак далей. "Лічу, нам трэба вырашаць усе гэтыя пытанні, не раздуваючы канстытуцыйныя нормы, а павышаючы якасць і аўтарытэт законаў", - адзначыў спікер Палаты прадстаўнікоў.