Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
05.01.2022

БЧ павялічыла аб'ём кантэйнерных перавозак у 2021 годзе на 25 працэнтаў

5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паводле папярэдніх вынікаў работы за 2021 год, Беларуская чыгунка перавезла больш за 1,245 млн кантэйнераў у ДФЭ (дваццаціфутавым эквіваленце), што на 25 працэнтаў больш, чым у 2020 годзе. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-цэнтры БЧ.

Аб'ём транзітных кантэйнерных перавозак павялічыўся на 29 працэнтаў і склаў каля 930 тыс. кантэйнераў у ДФЭ, у тым ліку ў напрамку Кітай - Еўропа - Кітай ён узрос у 1,3 раза.

Цяпер кантэйнерныя паязды звязваюць 60 гарадоў Кітая са 170 гарадамі 23 краін Еўропы. У сярэднім у суткі па Беларускай чыгунцы забяспечваецца транзітнае праходжанне і тэрмінальная апрацоўка каля 25 кантэйнерных паяздоў у напрамку Кітай - Еўропа - Кітай.

Таксама ў 2021 годзе БЧ прадоўжыла работу па стварэнні неабходных умоў для нарошчвання аб'ёмаў экспартных паставак прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў у кантэйнерах.

Так, за мінулы год аб'ём экспартных перавозак грузаў у кантэйнерах павялічыўся на 14 працэнтаў і склаў, паводле папярэдніх даных, больш як 70 тыс. гружаных кантэйнераў у ДФЭ, з іх у напрамку Кітая перавезена каля 24 тыс. гружаных кантэйнераў у ДФЭ або 105 працэнтаў да ўзроўню 2020 года.

Развіццё экспартных перавозак і прасоўванне беларускай прадукцыі на знешнія рынкі збыту з'яўляюцца важнейшымі стратэгічнымі напрамкамі для Беларускай чыгункі.

Сёння дзякуючы эфектыўнаму ўзаемадзеянню з усімі ўдзельнікамі рынку транспартных паслуг і дзелавым кантактам, устаноўленым з прадстаўнікамі 15 рэгіёнаў Кітая, дастаўка прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў у гэту краіну забяспечваецца на працягу двух тыдняў як да чыгуначных станцый, так і далей аўтатранспартам у любы яе пункт, уключаючы паслугу "апошняй мілі".

У 2022 годзе Беларускай чыгункай будзе прадоўжана работа па развіцці транзітных перавозак, у тым ліку і па задзейнічанні інфраструктуры ўсіх беларуска-польскіх пагранпераходаў.

Таксама асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням далейшага развіцця экспартных перавозак прадукцыі суб'ектаў гаспадарання Беларусі на знешнія рынкі збыту, у першую чаргу ў Кітай і краіны ЕАЭС.