Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
09.02.2021

Беларусь і Расія аднаўляюць чыгуначныя зносіны

8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Расія і Беларусь з сённяшняга дня аднаўляюць чыгуначныя зносіны, перадае ТАСС.

Поезд нумар 1/2 Масква - Мінск фарміравання Беларускай чыгункі ў панядзелак, 8 лютага, адправіцца ў першы рэйс з Мінска пасля працяглага перапынку. З Масквы ён адправіцца ў зваротным напрамку ў аўторак, 9 лютага, далей будзе курсіраваць праз дзень.

Згодна з графікам, з Мінска поезд будзе выходзіць у 22.10 (супадае з маскоўскім) і прыбываць на Беларускі вакзал Масквы ў 8.13 наступнага дня. У зваротны рэйс з Масквы ён будзе адпраўляцца ў 22.13 і прыбываць у Мінск на наступны дзень у 7.26. Па шляху руху па тэрыторыі РФ поезд для пасадкі і высадкі пасажыраў будзе рабіць прыпынкі ў Смаленску і Вязьме.

Плануецца, што з 9 лютага ў Мінску прыпынак для пасадкі і высадкі пасажыраў будзе рабіць поезд нумар 30/29 "Янтар" Калінінград - Масква фарміравання Федэральнай пасажырскай кампаніі (даччынае таварыства РЧ) з магчымасцю праезду ў ім грамадзян РФ і Беларусі на ўчастку Масква - Мінск - Масква. Поезд курсіруе кожны дзень, цяпер па тэрыторыі рэспублікі ён ідзе транзітам.

Аб аднаўленні руху іншых міжнародных пасажырскіх паяздоў паміж Расіяй і Беларуссю будзе аб'яўлена дадаткова, паведамілі ў РЧ.

Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі раней прыняла метадычныя рэкамендацыі па прафілактыцы распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі ў паяздах далёкага накіравання. Асобы, якія прыбываюць у краіны ЕАЭС, павінны мець адмоўны тэст на COVID-19, выдадзены за тры дні да перасячэння граніцы, за выключэннем дзяцей да пяці гадоў. Калі ў пасажыра, які мае даведку аб адмоўным тэсце, на момант прыбыцця да граніцы будзе зафіксавана павышаная тэмпература, ён размяшчаецца на ізаляцыю ў інфекцыйны стацыянар.

Пры гэтым пасажыры, якія не будуць мець даведак аб адсутнасці COVID-19 пры ўездзе на тэрыторыю краіны, павінны быць ізаляваны ў каранцінным стацыянары на тэрмін да двух сутак для правядзення тэсціравання. Пасля атрымання рэзультатаў асобы са станоўчым рэзультатам пераводзяцца ў інфекцыйны стацыянар для лячэння, асобы з адмоўным рэзультатам ізалююцца дома на працягу 12 сутак. У выпадку адсутнасці ўмоў для ізаляцыі дома рэкамендуецца ізаляцыя ў спецыяльна вызначаных для гэтага памяшканнях, вынікае з рэкамендацый.-0-




Фота Андрэя Пакумейкі