Афіцыйны сайт
1 ліпеня 2021

Беларускае радыё правядзе эфірную акцыю "Дзень Незалежнасці"

1 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Радыёстанцыі Белтэлерадыёкампаніі да Дня Незалежнасці і 77-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў падрыхтавалі тэматычны эфір са спецыяльнымі выпускамі перадач, прэм'ерамі, унікальнымі матэрыяламі з фондаў і прамымі ўключэннямі з усіх рэгіёнаў краіны. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў інфармацыйных выпусках запланаваны прамыя ўключэнні з урачыстасцей, якія адбудуцца ў рэгіёнах краіны і Мінску. Асаблівую ўвагу ўдзеляць мерапрыемствам каля Кургана Славы, дзе будуць размешчаны розныя пазнавальныя і інтэрактыўныя тэматычныя пляцоўкі.

На працягу дня прагучаць спецыяльныя выпускі перадач "Наш Выбар", "Адукацыя.by", "Свая зямля", прысвечаныя галоўным дасягненням сучаснай Беларусі ў розных сферах. Запланавана прэм'ера інфармацыйна-асветнага праекта "Мы - Беларусь!" аб гістарычным шляху нашай дзяржавы да незалежнасці, суверэнітэту і адзінства. У спецпраекце "Эфірны летапіс" прагучаць унікальныя запісы з фондаў Беларускага радыё: фрагменты радыётрансляцыі першага параду ў азнаменаванне Дня Незалежнасці, які прайшоў у Мінску 3 ліпеня 1997 года. У перадачах "Літаратурны калейдаскоп", "Паэтычны эцюд" і "Дабравесце ад паэзіі" 3 і 4 ліпеня будуць гучаць творы ваеннай тэматыкі беларускіх літаратараў.

У праграме "Тэатр Беларускага радыё" будуць трансліравацца радыёспектаклі, прысвечаныя гераічнай барацьбе нашага народа з фашызмам. Так, з 1 па 3 ліпеня ў эфіры - літаратурна-драматычная пастаноўка "Мінскі напрамак" паводле рамана Івана Мележа, прысвечаная аперацыі "Баграціён". У перадачы па заяўках "Вітаем, віншуем, жадаем!" прагучаць віншаванні ветэранам і ўдзельнікам вайны, знакамітым людзям беларускай зямлі, а таксама родным і блізкім.

На працягу дня на канале будуць гучаць творы патрыятычнай тэматыкі ў выкананні ансамбля народнай музыкі "Бяседа", Акадэмічнага хору і сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі.

Канал "Культура" 3 ліпеня прапануе шэраг цікавых радыёсустрэч з творамі, прысвечанымі слаўнай гісторыі нашай краіны і знамянальнай даце вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адкрые святочны эфір араторыя памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны "Героі бессмяротныя". Эфірную акцыю прадоўжыць музычная праграма "Поле памяці" з тэматычнымі песнямі беларускіх кампазітараў. Праект "Беларуская этнафонія" азнаёміць з народнымі салдацкімі песнямі.

Святочны выпуск праграмы "Сюжэт з лейтматывам" складзены з успамінаў народнай артысткі СССР Ларысы Александроўскай аб дзейнасці франтавых брыгад, а таксама мастака, ваеннага карэспандэнта Мікалая Жукава, які быў сведкам вызвалення Беларусі ў 1944 годзе. Аматарам тэатра каля мікрафона ў дзённым эфіры прапануецца радыёпастаноўка пра беларускага піянера-героя Марата Казея, а ў вячэрні час - радыёспектакль "Млечныя шлях" паводле аднайменнага рамана Кузьмы Чорнага. Святочны дзень упрыгожаць вершаваныя радкі паэтаў - удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама віншаванні ад сучаснікаў - вядомых дзеячаў культуры.

Радыёстанцыя "Радыус-FM" падрыхтавала тэматычныя выпускі навін і спецыяльнае святочнае афармленне эфіру. На працягу дня вядучыя пазнаёмяць слухачоў з гісторыяй вызвалення Беларусі і цікавымі фактамі пра беларускую наступальную аперацыю "Баграціён". Аўтарскія праграмы можна будзе пачуць не толькі ў прамым эфіры, але і ў падкастах на сайце www.radiusfm.by. Увесь эфірны дзень будзе насычаны інфармацыяй аб святочных мерапрыемствах, якія пройдуць па ўсёй краіне.

У эфіры радыёстанцыі "Сталіца" прагучаць інфармацыйныя выпускі з матэрыяламі аб святкаванні Дня Незалежнасці ў Мінску і абласных цэнтрах. На працягу эфірнага дня будуць выходзіць тэматычныя рубрыкі і прагучаць песні ваенных гадоў. У спецыяльным выпуску праграмы "Невядомая сталіца" аўтары раскажуць пра вызваленне Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і як беларуская сталіца адраджалася пасля вайны.

У праграмах міжнароднага радыё "Беларусь" навіны аб святкаванні Дня Незалежнасці прагучаць на дзевяці мовах вяшчання. Праект "З Беларуссю ў сэрцы" выйдзе спецыяльным выпускам "Яны вызвалялі Беларусь" з расказам пра прадстаўнікоў розных дыяспар, якія пражываюць у Беларусі і якія ўдзельнічалі ў вызваленні нашай краіны ад захопнікаў (азербайджанцы, грузіны, казахі, яўрэі, татары).

У перадачы "Прыярытэты партнёрства" прымуць удзел прадстаўнікі пасольстваў і консульстваў Беларусі ў замежных дзяржавах, якія раскажуць пра мерапрыемствы па святкаванні Дня Незалежнасці Беларусі за мяжой. На сайце радыё "Беларусь" будзе створаны спецыяльны раздзел "77-годдзю вызвалення Беларусі прысвячаецца", у якім будуць сабраны ўсе тэматычныя матэрыялы.

Эфірная акцыя "Дзень Незалежнасці" "пройдзе і ў эфіры рэгіянальных радыёстанцый Белтэлерадыёкампаніі "Радыё Брэст", "Горад FM", "Радыё Віцебск", "Радыё Гомель", "Гомель +", "Радыё Гродна", "Радыё Магілёў" ва ўсіх абласцях краіны.