Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
03.06.2021

Беларускай АЭС выдадзена ліцэнзія на эксплуатацыю першага энергаблока

2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускай АЭС выдадзена ліцэнзія на эксплуатацыю першага энергаблока. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам начальнік Дзяржатамнагляду Вольга Лугаўская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Калегіяй МНС прынята станоўчае рашэнне аб унясенні дапаўнення ў ліцэнзію Беларускай АЭС на права ажыццяўлення дзейнасці ў галіне выкарыстання атамнай энергіі, што дае магчымасць пачаць прамысловую эксплуатацыю першага энергаблока. "Гэта вельмі важнае, гістарычнае рашэнне. Яно з'яўляецца вынікам працяглай работы, звязанай з адпрацоўкай абсталявання, экспертнымі ацэнкамі, наглядам за гатоўнасцю сістэм. Пачынаецца новая эпоха - эпоха камерцыйнай эксплуатацыі БелАЭС", - сказала Вольга Лугаўская.

Рашэнне грунтуецца на заключэнні Дзяржатамнагляду, станоўчых выніках экспертызы дакументаў, якія абгрунтоўваюць бяспеку, і ацэнкі адпаведнасці заяўніка ліцэнзійным патрабаванням і ўмовам.

Экспертызу бяспекі выконваў Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны" НАН Беларусі па тэхнічным заданні Дзяржатамнагляду, ацэнку адпаведнасці - непасрэдна Дзяржатамнагляд.

Перад разглядам на калегіі МНС пытання аб выдачы ліцэнзіі на эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС Дзяржатамнагляд правёў 30 красавіка грамадскія слуханні, у ходзе якіх была агучана інфармацыя аб ходзе і выніках экспертызы бяспекі і ацэнкі адпаведнасці. Выказаныя ў ходзе грамадскіх слуханняў каментарыі і пытанні, якія паступілі, прыняты пад увагу пры падрыхтоўцы калегіяй МНС рашэння аб выдачы ліцэнзіі.-0-