Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
11.02.2021

Біятэхналогіі, электратранспарт, разумныя гарады - якія інавацыі плануюць развіваць у пяцігодцы

10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін на падагульняючым пасяджэнні калегіі ведамства абазначыў прыярытэтныя напрамкі развіцця інавацый у Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы ставім вялікія мэты на пяцігодку. Новая дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця на 2021-2025 гады поўнасцю нацэлена на вырашэнне задачы, пастаўленай кіраўніком дзяржавы, - выйсці да 2025 года на ўзровень інавацыйнага развіцця краін - лідараў Усходняй Еўропы. Маем намер значна рушыць наперад у такіх галінах, як інавацыйная ахова здароўя, біятэхналогіі, нацыянальны электратранспарт, разумныя гарады. Не застанецца без увагі і развіццё традыцыйных галін - машынабудаванне, хімічная прамысловасць, транспарт і, несумненна, сельская гаспадарка. У наступнай пяцігодцы трэба правесці сістэмную работу па нарошчванні ўкладу навукі ў інавацыйнае развіццё эканомікі", - падкрэсліў Аляксандр Шумілін.

Паводле яго слоў, у 2021 годзе мяркуецца дасягнуць удзельнай вагі інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгрузкі арганізацый апрацоўчай прамысловасці на ўзроўні 19,5 працэнта. Удзельная вага інавацыйна-актыўных арганізацый апрацоўчай прамысловасці павінна вырасці да 27,5 працэнта, доля навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі ў агульным аб'ёме беларускага экспарту - да 33,5 працэнта. Плануецца таксама стварыць і мадэрнізаваць больш за 1,4 тыс. працоўных месцаў. Акрамя таго, асаблівая ўвага будзе нададзена якаснаму складніку. Так, долю новай для ўнутранага або сусветнага рынку прадукцыі неабходна павялічыць з 45 працэнтаў у 2021 годзе да 54 працэнтаў у 2025 годзе. У новай пяцігодцы прадугледжаны таксама рост долі арганізацый, якія выконваюць працэсныя інавацыі (укараненне новых або палепшаных метадаў вытворчасці. - Заўвага БЕЛТА), з 26,5 працэнта ў 2021 годзе да 35 працэнтаў у 2025 годзе.