Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
04.02.2021

Больш за Br1,28 млн паступіла ў фонд Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва ў 2020 годзе

3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У фонд Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва ў 2020 годзе паступіла больш за Br1,28 млн. Аб гэтым паведаміла сёння ў прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір.

Юрыдычныя асобы, дзейнасць якіх аказвае ўплыў на гісторыка-культурныя каштоўнасці, павінны пералічваць у фонд Прэзідэнта 5 працэнтаў ад прыбытку, што прадугледжана ўказам нумар 527 "Аб некаторых пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны". "За апошнія гады Мінкультуры сумесна з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады правяло значную работу па арганізацыі выплаты такіх адлічэнняў. Так, у фонд Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва ў 2018 годзе паступіла больш за Br700 тыс., у 2019-м - звыш Br900 тыс., а ў 2020 годзе - больш за Br1,28 млн", - сказала Наталля Хвір.

У 2018 годзе звыш Br1,6 млн з фонду Прэзідэнта накіравана на работы па кансервацыі з рэстаўрацыяй фрагментаў замка ў Крэве, фрагментаў руін былога замка Сапегаў у Гальшанах, рэстаўрацыйныя работы ў палацы Пуслоўскіх у Косаве. У 2019 годзе накіравана Br2,3 млн на абнаўленне замка Сапегаў, радавога маёнтка Напалеона Орды ў Іванаўскім раёне, былога касцёла езуітаў у Мсціславе, капліцу-пахавальню князёў Паскевічаў у Гомелі і Спаса-Праабражэнскую царкву ў Полацку. У 2020 годзе ўдалося поўнасцю стабілізаваць тэхнічны стан касцёла ў Мсціславе, правесці проціаварыйныя і кансервацыйныя работы ў паўночна-ўсходнім корпусе Гальшанскага замка, аднавіць часткі сцяны, прылеглай да Княжацкай вежы Крэўскага замка. На працягу некалькіх гадоў ішлі рэканструкцыя, рамонт і аднаўленне аб'ектаў комплексу Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, дзе абноўлена званіца, добраўпарадкаваны святыя крыніцы, у тым ліку і старэйшая з іх, размешчаная пад алтаром храма. Рэстаўрыраваўся палацава-паркавы ансамбль XIX стагоддзя - радавы маёнтак Булгакаў у аграгарадку Жылічы Кіраўскага раёна, а таксама Спаса-Праабражэнская царква Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку.

"Гісторыка-культурная спадчына Беларусі - гордасць нашага народа і неад'емная частка сусветнай культурнай спадчыны. Сфера аховы гэтага здабытку па-ранейшаму важнейшы прыярытэт дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры. Дзяржава прыкладае ўсе намаганні, каб не толькі захаваць і прымножыць гісторыка-культурныя каштоўнасці, але і ўбудаваць іх у сучасны кантэкст культуры", - сказала Наталля Хвір.

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей уключана 5596 аб'ектаў. За 2018-2020 гады завершаны рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на больш як 400. Сярод іх будынак музея В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, царква ў Сынкавічах, аб'екты мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой", паўночна-ўсходняя вежа Лідскага замка, мемарыяльны комплекс "Прарыў", будынак кінастудыі "Беларусьфільм", абеліск "Мінск - горад-герой", стадыён "Дынама" і мемарыяльны комплекс "Трасцянец".