Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
07.10.2021

Дзяржатамнагляд: адключэнне энергаблока БелАЭС ад сеткі не ўплывала на радыяцыйную бяспеку

6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адключэнне першага энергаблока БелАЭС ад сеткі не ўплывала на радыяцыйную бяспеку. Аб гэтым заявіў сёння журналістам кансультант Дзяржатамнагляду Алег Собалеў у прэс-цэнтры БЕЛТА.

12 ліпеня на першым энергаблоку БелАЭС спрацавала аўтаматычная абарона генератара. Блок быў адключаны ад сеткі, праводзілася дыягностыка тэхналагічных сістэм і вузлоў турбагенератара. 4 кастрычніка першы энергаблок зноў уключылі ў сетку.

"Спыненне было выклікана ўключэннем аварыйнай абароны генератара, гэта значыць не была звязана з рэактарам. Зразумела, як толькі генератар быў спынены, магутнасць рэактарнай устаноўкі была зніжана да мінімальна кантралюемага ўзроўню. Далей выконваліся мерапрыемствы па высвятленні прычын, выяўленні дэфекту. Разам з расійскім бокам БелАЭС яго ўстараніла. Паколькі была закранута менавіта электрычная частка, ядзерная і радыяцыйная бяспека ніякім чынам не пацярпела. Устаноўка знаходзілася ў бяспечным стане ўвесь гэты час", - сказаў Алег Собалеў.

Дзяржатамнагляд як рэгулюючы орган забяспечвае пастаянны нагляд за БелАЭС. "Нашы інспектары могуць у любы час прыйсці з праверкай, акрамя таго, у нас ёсць аддзел на пляцоўцы станцыі. Вядома ж, мы былі ў курсе таго, што адбываецца, і пастаянна сачылі за сітуацыяй", - дадаў кансультант Дзяржатамнагляду.