Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
09.07.2021

Эфект ад рэалізацыі праграмы развіцця Аршанскага раёна ёсць - Галоўчанка

8 ліпеня, Орша /Кар. БЕЛТА/. Эфект ад рэалізацыі праграмы развіцця Аршанскага раёна ёсць, заявіў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка перад выязным пасяджэннем Прэзідыума Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Згодна з праектам, Аршанскаму раёну былі прадастаўлены беспрэцэдэнтныя меры падтрымкі, якія прызначаны стымуляваць развіццё ва ўсіх сферах дзейнасці."Сёння трэба будзе комплексна разгледзець, як спрацавала схема, як магчымасцямі скарысталіся на месцах. Пэўныя вынікі ёсць: 163 мерапрыемствы рэалізаваны за палавіну тэрміну. На іх фінансаванне накіравана Br1,4 млрд - 80 працэнтаў ад плана на 2018-2020 гады", - сказаў кіраўнік урада.

Раман Галоўчанка адзначыў, што не ўсе праекты рэалізуюцца ў тэрмін. На гэта ўплываюць аб'ектыўныя і суб'ектыўныя прычыны. "Эфект ад рэалізацыі праграмы развіцця, безумоўна, ёсць. 82 працэнты з тых мерапрыемстваў, якія павінны былі быць выкананы за мінулыя два гады, ажыццёўлены. Па астатніх 18 працэнтах ёсць адставанні, у асноўным у сектары прамысловага комплексу і сельскай гаспадаркі, - сказаў ён. - Мы абмяркуем кожны праект, каб знайсці праблемы і вырашыць іх".

На думку кіраўніка дзяржавы, асобныя мерапрыемствы падпраграм па прамысловым аграпрамысловым комплексе, а таксама лясной гаспадарцы наўрад ці можна назваць паспяховымі. У прамысловасці праекты фінансава ёмістыя, і не асвойваюцца ў поўным аб'ёме сродкі. У АПК і лясной гаспадарцы асноўныя мерапрыемствы ідуць з адставаннем па тэрмінах. У іх ліку інвестпраекты на "Оршааграпраммашы", мясакансервавым камбінаце і Аршанскім інструментальным заводзе.

"Адзін праект (па арганізацыі вытворчасці сучаснага металарэзнага і дапаможнага інструменту з укараненнем інавацыйных тэхналагічных працэсаў. - Заўвага БЕЛТА) на Аршанскім інструментальным заводзе выбіўся з тэрмінаў. Тут шмат прычын. Гэта не проста мадэрнізацыя вытворчасці, закупка новага абсталявання або некалькіх станкоў. Гэта сур'ёзны праект з кампаніяй сусветнага ўзроўню Walter па вытчорасці ў Беларусі абсталявання высокай якасці. Больш часу спатрэбілася, каб дасягнуць дамоўленасці з нямецкім партнёрам, яны доўга ацэньвалі, ці ўступаць у гэты праект. Таксама каранавірус наклаўся, і тэрміны зрушыліся. Мы разабраліся ў гэтым пытанні з Міністэрствам прамысловасці, кіраўніцтвам прадпрыемства: ёсць упэўненасць, што на заводзе ўкладуцца ў тэрмін - 2023 год", - растлумачыў Раман Галоўчанка.

Таксама прэм'ер-міністр наведаў адзін з аб'ектаў, які будуецца па праграме развіцця Аршанскага раёна. Гэта рабатызаваны малочнатаварны комплекс на 2 тыс. галоў дойнага статка паблізу вёскі Чурылава. "Гэта інавацыйны аб'ект з унікальнымі тэхналогіямі. Яго ўвялі ў эксплуатацыю 30 чэрвеня. Сёння мы больш абмяркоўвалі пытанні, як вярнуць інвестыцыі, укласціся ў параметры бізнес-планаў, таму што ўкладзены вялікія грошы і аддача чакаецца такая ж. Я выказаў насцярожанасць наконт падрыхтоўкі кадраў, захавання тэхналогій", - дадаў кіраўнік урада.

Сёння ў Оршы праходзіць выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў па рэалізацыі праграмы развіцця Аршанскага раёна да 2023 года. Удзельнікі абмяркуюць праблемныя моманты, магчымую карэкціроўку праграмы, аднак без выхаду за першапачатковыя часовыя рамкі і фінансавыя аб'ёмы.