Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
28.01.2021

ФПБ: за адзін дзень больш за 116 тыс. беларусаў падпісаліся пад адкрытым пісьмом супраць санкцый ЕС

27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За адзін дзень больш за 116 тыс. беларусаў падпісаліся пад адкрытым пісьмом супраць санкцый ЕС. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

"26 студзеня прафесійныя саюзы і працоўныя Беларусі пачалі падпісваць у адрас Міжнароднай арганізацыі працы, рабочых і наймальнікаў іншых краін калектыўнае адкрытае пісьмо. У ім гаворыцца, што еўрапейскія палітыкі не маюць права абмяжоўваць і ўшчамляць правы работнікаў іншых краін. І што ўвядзенне эканамічных санкцый адносна беларускіх прадпрыемстваў не з'яўляецца выяўленнем патрабаванняў працоўных. Толькі за адзін дзень пад пісьмом падпісаліся больш за 116 тыс. чалавек. Збор подпісаў прадаўжаецца", - расказалі ў прэс-службе.

Сёння таксама стала вядома, што зварот у МАП накіраваў Нацыянальны савет па працоўных і сацыяльных пытаннях. Тры бакі савета - урад, аб'яднанні наймальнікаў і прафсаюзаў - звярнуліся да генеральнага дырэктара Міжнароднага бюро працы Гая Райдэра ў сувязі з неправамернасцю ўвядзення Еўрапейскім саюзам санкцый супраць шэрага прадпрыемстваў нашай краіны.

У звароце гаворыцца, што ўвядзенне эканамічных санкцый адносна беларускіх прадпрыемстваў - гэта ў першую чаргу негатыўныя эканамічныя наступствы для іх работнікаў. Гэтыя меры пагаршаюць становішча не толькі саміх работнікаў, але і членаў іх сем'яў. Зніжэнне заработнай платы, скарачэнне рабочых месцаў, замарожванне гарантаваных калектыўнымі дагаворамі выплат работнікам - гэта далёка не ўсё, з чым могуць сутыкнуцца працоўныя.

Як адзначана ў звароце, Арганізацыя Аб'яднаных Нацый прызнала, што санкцыі амаль заўсёды аказваюць значнае ўздзеянне на эканамічныя інтарэсы звычайных людзей і ўшчамляюць права на працу. Больш таго, у 2019 годзе спецыяльны дакладчык ААН у гэтай сферы падкрэсліў, што выкарыстанне эканамічных санкцый у палітычных мэтах парушае правы чалавека і падрывае асновы міжнароднага права і супрацоўніцтва.

"Сёння дзяржавы накіроўваюць максімум намаганняў і рэсурсаў на барацьбу з пандэміяй. Эксперты ААН яшчэ ў сакавіку 2020 года заклікалі адмовіцца ў такіх умовах ад санкцый, каб у краін было больш магчымасцей для падтрымкі сістэм аховы здароўя і дапамогі людзям. У сувязі з гэтым бакі сацыяльнага партнёрства ў Беларусі звярнуліся да Міжнароднай арганізацыі працы з просьбай аказаць садзейнічанне ў адмене эканамічных санкцый Еўрапейскага саюза", - адзначылі ў ФПБ.

Міжнародная арганізацыя працы - спецыялізаваны інстытут Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Гэта адна з буйнейшых сучасных міжнародных арганізацый, якая займаецца ўсім спектрам пытанняў у сферы працы. Сёння МАП аб'ядноўвае 187 дзяржаў-членаў. Сярод асноўных прынцыпаў арганізацыі - абарона права чалавека на працу, якое цесна звязана з магчымасцю ажыццяўлення іншых асноўных правоў чалавека, што забяспечваюць дастойны ўзровень жыцця.-0-