Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
23.11.2021

Галоўчанка: Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з ААЭ ў сферы гандлю і інвестыцый

22 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з ААЭ і іншымі краінамі рэгіёна ў сферы гандлю і інвестыцый. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на адкрыцці Беларускага інвестыцыйнага форуму на сусветнай выстаўцы "ЭКСПА-2020" у Дубаі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"На такой прадстаўнічай міжнароднай пляцоўцы, як "ЭКСПА-2020", правядзенне форуму - выдатная магчымасць для замацавання існуючых і наладжвання новых інвестыцыйных і гандлёва-эканамічных сувязей з ААЭ і іншымі краінамі рэгіёна. У апошнія гады пашыраецца беларуска-эмірацкае супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай сферы. Прыкладам нашых поспехаў у гэтым напрамку з'яўляецца буйнейшы праект у сферы будаўніцтва і нерухомай маёмасці, які рэалізуецца ў Мінску пад патранажам заснавальніка сусветна вядомай кампаніі Emaar. Разлічваю, што сённяшняя сустрэча і наступныя двухбаковыя кантакты дадуць магчымасць пашырыць партфель прамых інвестыцый з ААЭ і іншых краін у такія сферы нашай эканомікі, як сельская гаспадарка, прамысловасць, паслугі, транспарт, лагістыка і іншыя", - сказаў Раман Галоўчанка.

Беларусь стабільна нарошчвае пастаўкі тавараў і паслуг у ААЭ і іншыя краіны рэгіёна. Асноўныя артыкулы беларускага экспарту - прадукты нафтахімічнай перапрацоўкі, дрэваапрацоўкі, харчовыя прадукты і розныя віды абсталявання. У сферы паслуг актыўна экспартуюцца камп'ютарныя і транспартныя паслугі. Паводле слоў прэм'ер-міністра, стабільна павялічваецца і колькасць турыстаў з ААЭ, якія наведваюць Беларусь. "Разам з тым мы зацікаўлены ў далейшым нарошчванні экспарту па ўжо вядомых у гэтым рэгіёне пазіцыях, а таксама па такіх адносна новых напрамках, як розныя віды тэхнікі, прадукцыя лёгкай і цяжкай прамысловасці. Мы таксама зацікаўлены ў сумеснай рабоце па ўдасканаленні і аблягчэнні транспартна-лагістычных ланцужкоў пастаўкі нашай прадукцыі ў ААЭ і іншыя краіны рэгіёна", - адзначыў ён.

Раман Галоўчанка запэўніў: урад прадоўжыць ствараць спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у Беларусі, асабліва ў галіне стварэння высокатэхналагічных вытворчасцей, а таксама падтрымліваць інвестараў, зацікаўленых у развіцці доўгатэрміновых узаемавыгадных кантактаў.

Сёння прэм'ер-міністр Беларусі таксама прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Нацыянальнага дня Беларусі на сусветнай выстаўцы "ЭКСПА-2020" у Дубаі і правёў перагаворы з міністрам талерантнасці і суіснавання ААЭ, генеральным камісарам сусветнай выстаўкі "ЭКСПА-2020" шэйхам Нахаянам бен Мубаракам аль-Нахаянам.-0-