Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
03.02.2021

Галоўчанка: частка грамадзян выступае за пераразмеркаванне эканамічных паўнамоцтваў паміж цэнтрам і рэгіёнамі

2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Частка беларускіх грамадзян выступае за пераразмеркаванне эканамічных паўнамоцтваў цэнтра і рэгіёнаў. Такі

вывад можна зрабіць па выніках правядзення ў краіне дыялогавых пляцовак, заявіў сёння журналістам прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Людзі бачаць неабходнасць у пераразмеркаванні эканамічных паўнамоцтваў паміж цэнтрам і рэгіёнамі. У першую чаргу з пункту гледжання больш самастойнага распараджэння даходамі бюджэту, дэцэнтралізацыі ў прыняцці рашэнняў па выкарыстанні сродкаў бюджэту, індустрыялізацыі населеных пунктаў, рэалізацыі канкрэтных праектаў, якія накіраваны на стварэнне працоўных месцаў у рэгіёнах", - адзначыў Раман Галоўчанка.

Разам з тым кіраўнік урада падкрэсліў, што размова ідзе не пра тое, каб забраць больш грошай у Мінскай вобласці і аддаць іх у іншыя рэгіёны, даходы якіх значна ніжэйшыя. "Задача рэгіёнаў якраз у тым, каб развіваць бізнес, тэрыторыі, ствараць працоўныя месцы, атрымліваць больш падаткаў і даходаў ад нерухомай маёмасці, арэнды і гэтак далей. І менавіта за кошт гэтага павялічваць даходы ўласнага бюджэту, а не за кошт пераразмеркавання з больш прыбытковых рэгіёнаў", - сказаў прэм'ер-міністр.

"Наша мэта - гэта фактычна індустрыялізацыя краіны. Не толькі прамысловая, але і сферы паслуг. Гэта значыць мы павінны нарасціць інвестыцыі ў асноўны капітал, - дадаў Раман Галоўчанка. - Мы ўпершыню, напэўна, за ўвесь час пастараліся стварыць нацыянальны інфраструктурны план. Гэта больш за 800 аб'ектаў, якія будуць мадэрнізаваны і створаны ў наступную пяцігодку".