Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
30.06.2021

Галоўчанка: праект "Поезд Перамогі" дапамагае захоўваць памяць аб перажытым народам у гады вайны

29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект "Поезд Перамогі" дапамагае захоўваць памяць аб перажытым народам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Аб гэтым заявіў сёння журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння Раман Галоўчанка азнаёміўся з перасовачным музеем "Поезд Перамогі".

"Каманда, якая стварала гэту экспазіцыю, правяла велізарную, важную і патрэбную работу. Сучаснымі метадамі візуалізацыі ствараецца адчуванне прысутнасці. Думаю, што гэты поезд можна насычаць іншымі эпізодамі, напрыклад прысвечанымі партызанскаму руху", - сказаў ён.

Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што такія экспазіцыі асабліва важна наведваць моладзі. "Наша пакаленне яшчэ актыўна размаўляла з ветэранамі, яны даносілі да нас свае ўспаміны. Сучаснае пакаленне гэтай магчымасці не мае. Таму такія мастацкія сродкі - эфектыўны і хуткі шлях для захавання памяці аб тым, з чым давялося сутыкнуцца нашаму народу", - адзначыў ён.

"Поезд Перамогі" - гэта маштабны гісторыка-асветны праект, заснаваны ў Расіі камандай творчай майстэрні "Неўскі баталіст" сумесна з медыягрупай "Чырвоны квадрат" пры падтрымцы Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расіі, ААТ "Расійскія чыгункі" і грамадскай арганізацыі "Валанцёры Перамогі" з нагоды святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і правядзення Года памяці і славы ў Расіі. Ён уяўляе сабой унікальную інтэрактыўную экспазіцыю, заснаваную на эфекце прысутнасці, якая створана на базе вагонаў перасовачнага выставачна-лекцыйнага комплексу. Састаў "Поезда Перамогі" ўключае 12 вагонаў, дзевяць з якіх экспазіцыйныя. Адзін з іх прысвечаны подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці - удзельнікам гераічнай абароны, салдатам і камандзірам Чырвонай Арміі, а таксама жанчынам і дзецям - членам сем'яў ваеннаслужачых, якія прынялі першы ўдар нямецкіх войскаў на сябе.

У нашай краіне праект рэалізуецца Беларускай чыгункай і Расійскімі чыгункамі ў Год народнага адзінства і прымеркаваны да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Ён ажыццяўляецца пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі і актыўным садзейнічанні Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра.