Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
30.09.2021

Галоўчанка: сяўбу азімых трэба завяршыць у максімальна сціслыя тэрміны

29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сяўбу азімых трэба завяршыць у максімальна сціслыя тэрміны. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на пасяджэнні штаба па пытанні правядзення палявых работ у аптымальныя тэрміны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Толькі поўная мабілізацыя і сабранасць дасць магчымасць гарантаваць харчовую бяспеку нашай краіны. Без перабольшання кожны кілаграм ураджаю на вагу золата. Задача нумар адзін - забяспечыць завяршэнне азімай сяўбы збожжавых культур у максімальна сціслыя тэрміны, правесці зяблевую апрацоўку глебы, назапасіць і ўнесці, дзе неабходна, мінеральныя і арганічныя ўгнаенні. Ад гэтага залежыць ураджай будучага года. Мы дамовіліся мабілізаваць на месцах усе магчымыя рэсурсы, арганізаваць работу ў двухзменным, а дзе магчыма - у трохзменным рэжыме, забяспечыць эфектыўнае выкарыстанне тэхнікі. Безумоўна, надвор'е ўнесла свой уклад у адставанне ад аптымальных агратэхнічных тэрмінаў, тым не менш пастаўленыя кіраўніком дзяржавы задачы па паскораным правядзенні сяўбы неабходна выканаць", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Паводле даных на 29 верасня, азімыя пасеяны на 58 працэнтах запланаваных плошчаў (каля 850 тыс. га). "Адставанне да ўзроўню мінулага года пакуль складае 18 працэнтаў, або 188 тыс. га. Як мы абмяркоўвалі на селектары 27 верасня, для завяршэння сяўбы ва ўстаноўленыя тэрміны неабходна ў дзень сеяць не менш як 100 тыс. га. Фактычна пасеяна 27 верасня 61 тыс. га, 28 верасня 62 тыс. га. Дзякуючы прымаемым мерам тэмпы сяўбы павялічваюцца з кожным днём, але па-ранейшаму недастатковыя. Гэта датычыцца ўсіх рэгіёнаў. Сумарна адстаём ад узроўню мінулага года пакуль на тры дні", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Паводле яго слоў, пры захаванні такой тэндэнцыі на завяршэнне сяўбы ў Брэсцкай вобласці спатрэбіцца 6 дзён, у Віцебскай - 12, у Гомельскай - 14, Гродзенскай - 9, Мінскай - 10, Магілёўскай - 9. "Паводле інфармацыі, што паступае ва ўрад, аблвыканкамы пакуль не прынялі вычарпальныя меры па ўключэнні ў работу ўсёй спраўнай тэхнікі", - дадаў Раман Галоўчанка.

Намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Субоцін у размове з журналістамі звярнуў увагу на тое, што адставанне па тэрмінах звязана з тым, што ў верасні выпала ападкаў значна больш за норму. "У гэтыя пагодлівыя дні мы хочам максімальна выкарыстаць магчымасць і пасеяць увесь азімы палетак. Разлічваем на наступным тыдні работы завяршыць", - сказаў ён.

Таксама цяпер завяршаецца ўборачная кампанія. Паводле слоў віцэ-прэм'ера, ужо ўбрана амаль палова плошчаў бульбы і 14 працэнтаў - цукровых буракоў. Засталося ўбраць толькі 10 працэнтаў плошчаў ільну.