Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
09.04.2021

Галоўчанка ўручыў дзяржузнагароды 45 прадстаўнікам розных сфер

8 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў сёння дзяржаўныя ўзнагароды 45 прадстаўнікам розных сфер. Урачыстая цырымонія прайшла ў Палацы Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння Палац Рэспублікі зноў напоўнены ўрачыстай атмасферай. Тут сабраліся прадстаўнікі лепшых працоўных калектываў розных сфер дзейнасці, дзякуючы зладжанай і карпатлівай працы якіх развіваецца наша краіна. Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі вам сёння будуць уручаны дзяржаўныя ўзнагароды, гэта вынік вашай адданасці сваёй справе, жыццёваму выбару, прафесійнаму прызнанню і роднай краіне. Сваім прыкладам вы даказалі, наколькі важныя прафесіяналізм і грамадзянская пазіцыя кожнага чалавека ў развіцці рэспублікі", - падкрэсліў кіраўнік урада.

Звяртаючыся да прысутных у зале, Раман Галоўчанка адзначыў, што іх працоўны шлях, поспехі і прызнанне - гэта яшчэ і яскравы прыклад для маладога пакалення, як можна і трэба рэалізаваць сябе ў жыцці.

Вялікая частка дзяржаўных узнагарод уручалася сёння работнікам сельскай гаспадаркі. "Гэта адна з самых складаных і шматпланавых галін эканомікі. У Беларусі ствараюцца ўсе ўмовы для развіцця аграпрамысловага комплексу. Вашай працай надзейна забяспечана харчовая бяспека нашай краіны, а экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі - гэта адзін з самых значных напрамкаў прыцягнення валютнай выручкі ў краіну", - сказаў прэм'ер-міністр.

Кіраўнік урада звярнуўся са словамі ўдзячнасці і да прысутных работнікаў прамысловасці. "Мінулы год быў вельмі складаным не толькі для Беларусі, беларускіх прамыслоўцаў, машынабудаўнікоў і прыборабудаўнікоў, але і для ўсяго свету. Тым не менш, прадпрыемствы сістэмы Мінпрама скончылі яго з нядрэннымі вынікамі, усе канвееры працавалі, не спыняючыся ні на гадзіну, продажы ішлі ў адпаведнасці з заключанымі кантрактамі, абавязацельствы выконваліся, нягледзячы на складаную сітуацыю і з пастаўкамі камплектуючых вырабаў, і з адгрузкамі. Але мінулы год быў скончаны на пазітыўнай хвалі, на ўздыме, і гэты ўздым прадаўжаецца і ў бягучым годзе. Усе абавязацельствы, якія прамыслоўцы прынялі на сябе ў першым квартале, выкананы, гэта вельмі добрыя вынікі. У гэтым вялікая заслуга ўсіх вас, хто знаходзіцца ў гэтай зале і прадстаўляе тут беларускую прамысловасць", - адзначыў ён. Пры гэтым прэм'ер-міністр падкрэсліў, што рэалізацыя новых амбіцыйных праектаў, накіраваных на развіццё і якаснае вырашэнне пастаўленых перад працоўнымі калектывамі задач, шмат у чым залежыць ад узроўню і кваліфікацыі кіраўнікоў. "І мне прыемна бачыць тут прадстаўнікоў і кіраўнікоў тых арганізацый і дзяржорганаў, чый уклад у забеспячэнне ўстойлівага інавацыйнага развіцця галін народнай гаспадаркі па заслугах ацэнены дзяржавай, медалі "За працоўныя заслугі" - яскравае таму пацвярджэнне", - дадаў Раман Галоўчанка.

"Набыты вамі жыццёвы вопыт - гэта значны фундамент для таго, каб, адштурхнуўшыся ад ужо зробленых здзяйсненняў, ісці далей да новых працоўных дасягненняў. Матываваным і самаадданым людзям пакорацца любыя вышыні, асабліва калі размова ідзе аб далейшым развіцці Беларусі", - падвёў вынік прэм'ер-міністр.-0-





Фота Аксаны Манчук