Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
06.04.2021

"Ідзе інфармацыйная вайна" - Лукашэнка прагназуе ўзмацненне інфармацыйнага процістаяння

5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прагназуе ўзмацненне інфармацыйнага процістаяння. Аб гэтым ён заявіў сёння, прымаючы рашэнні па назначэнні новага міністра інфармацыі і намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ідзе інфармацыйная вайна, ужо не проціборства (хацелася б, каб гэта было хаця б проціборства). Баюся, што далей горш будзе ў плане інфармацыйнага процістаяння", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў сувязі з гэтым дасканала падбіраюць людзей на пасады, дзе неабходна займацца процідзеяннем адпаведным выклікам: "Падбіраем, выкрышталізоўваючы з грамадства. Напэўна, з тысяч чалавек аднаго".

Характарызуючы Уладзіміра Пярцова, які назначаны міністрам інфармацыі, Прэзідэнт адзначыў, што назірае за ім асабіста і добра ведае. "Разглядалі на розныя пасады. Я проста баюся, каб вы не патанулі ў гэтым чыноўніцкім бязмежжы. Для мяне вельмі будзе шкада, калі мы страцім вельмі добрага журналіста, палітолага і палітыка, скажу шчыра", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца міністэрскай пасады, Прэзідэнт лічыць, што "гэта крыху далей ад гэтага кіпячага катла". Больш таго, там ёсць добры практычны складнік - падпарадкаваныя суб'екты гаспадарання. "Гэта будзе нейкая аддушына спачатку. Ну а наогул, малады чалавек, усё яшчэ наперадзе. І я вельмі хачу, каб у вас на гэтай пасадзе члена ўрада атрымалася", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб назначэнні Ігара Луцкага на пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што няпроста было знайсці чалавека, які "займаўся б арганізацыяй гэтага працэсу".

"Чалавек надзейны, ідэалагічна вывераны, вытрыманы. Тут у мяне сумнення няма. Як арганізатар вы ўсё ж такі мелі дачыненне да гэтага (размова пра курыруемыя на новай пасадзе пытанні, уключаючы ідэалогію, СМІ, паколькі Ігар Луцкі мае вялікі вопыт работы ў кіраўніцтве Мінінфарма і на іншых адказных пасадах у сродках масавай інфармацыі. - Заўвага БЕЛТА), - сказаў Прэзідэнт. - Ужо, можна сказаць, нягледзячы на ўзрост, закаранелы чыноўнік. Гэта не Уладзімір Барысавіч, яму давядзецца тут перастройвацца. Нават не перастройвацца - псіхалагічна прывыкнуць да таго, што становішся ў строй".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кожнаму на сваёй пасадзе цяпер трэба арганізоўваць адпаведны працэс, працуючы ва ўзаемадзеянні: "Вы (Ігар Луцкі. - Заўвага БЕЛТА), як чалавек, які папрацаваў у Мінінфарме, можаце многае параіць, падказаць. Недзе, магчыма, і падключыцца да якіх-небудзь пытанняў, без гэтага нельга. А Уладзімір Барысавіч, як адзін з вядучых палітолагаў, журналістаў і палітыкаў, можа падставіць плячо ў любы час у гэтай арганізацыйнай структуры, якую вам давядзецца ўдваіх выбудоўваць".-0-