17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася сёння з членамі пярвічных арганізацый Саюза жанчын Міністэрства ўнутраных спраў, якія выхоўваюць дзяцей-падлеткаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я хацела б шчыра павіншаваць усіх вас са святам, якое мы сёння ўпершыню адзначаем у нашай краіне, - Днём народнага адзінства. Для нас гэта свята знакавае і значнае. І я хацела б у гэты дзень усім пажадаць здароўя, шчасця, дабрабыту, а ў нашай краіне - працвітання і далейшага развіцця. Каб мы заўсёды былі адзіныя, каб нас ніхто не мог раздзяліць, а наша краіна была моцнай і такой жа любімай, у якой сёння жывём мы разам з вамі", - сказала Наталля Качанава.
Паводле яе слоў, гэта гістарычная падзея. "Я ўпэўнена, што гэта свята будзе адзначацца і пакаленнямі, якія ідуць за намі, - адзначыла спікер. - Нас гісторыя вучыць, а мы пішам сваю гісторыю. Бо тады, у 1921 годзе, па жывым разрэзалі краіну і сёння гэта можна ацаніць. Сведкі ж тых падзей яшчэ жывыя, у нас ёсць архіўныя дакументы, што пацвярджаюць, наколькі гэта было цяжка, наколькі яны не былі паўнапраўнымі грамадзянамі сваёй краіны. Гэтак жа хацелі зрабіць і ў мінулым годзе, калі хацелі проста, каб наша краіна не існавала. Хацелі паставіць яе на калені, раскалоць. І спрабуюць да гэтага часу ўнесці раскол у наша грамадства. А мы гэтага не павінны дапускаць. Я так для сябе вызначыла: сённяшняе свята - тых людзей, якія любяць сваю краіну, сваю Радзіму, якія ведаюць сваю гісторыю і ганарацца ёю".
"У гэты знакавы дзень для нашай краіны, калі мы ўпершыню святкуем Дзень народнага адзінства, БСЖ МУС арганізаваў наведванне Савета Рэспублікі. Для нас гэта вялікі гонар. Мы разам з нашымі дзецьмі трапілі ў сэрца нашай краіны, дзе прымаюцца лёсавызначальныя для нас усіх рашэнні і законапраекты, па якіх мы ўсе жывём. Для нас гэта ганарова, знакава і хвалююча", - падзялілася намеснік старшыні пярвічнай арганізацыі БСЖ цэнтральнага апарату МУС, начальнік аддзела двухбаковага супрацоўніцтва ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва МУС Алеся Сурынт.
Навучэнец Мінскага сувораўскага вучылішча Глеб Мільяненка таксама ўпершыню ў Савеце Рэспублікі. "Не заўсёды ўдаецца трапіць туды, дзе прымаюцца законы нашай дзяржавы. Мне тут вельмі спадабалася. Прадстаўлена цікавая музейная экспазіцыя, якая расказвае паэтапную гісторыю развіцця нашай дзяржавы, самога Савета Рэспублікі і прыняцця асноўных рашэнняў, якія паўплывалі на гісторыю дзяржаўнасці нашай краіны, - дадаў ён. - Раскажу сваім равеснікам пра сустрэчу з Наталляй Іванаўнай, пра сутнасць сустрэчы, пра музейную экспазіцыю. Мне здаецца, такую форму работы трэба прадаўжаць і развіваць".
"На мой погляд, мы правялі дастаткова цікавую сустрэчу. Перш за ўсё задавалі пытанні, якія датычацца дзейнасці сенатараў, якія законапраекты мы цяпер разглядаем. Былі пытанні і асабістага плана. Я старалася быць даволи адкрытай. Мы ўжо не першы раз сустракаемся. У нас у гасцях былі курсанты навучальных устаноў МУС. Таму прадоўжым такое супрацоўніцтва. Мы заўсёды рады гасцям", - канстатавала Наталля Качанава.-0-