Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
23.06.2021

Качанава: наша задача - перадаваць з пакалення ў пакаленне праўду аб вайне

22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, члены Прэзідыума, работнікі сакратарыята, сенатары, маладзёжныя парламентарыі, а таксама жыхары Цэнтральнага раёна Мінска сёння ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу "Масюкоўшчына", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для мяне заўсёды гэта дата сумная, як і для любога нармальнага чалавека, які памятае аб той страшэннай трагедыі, якая адбылася шмат гадоў таму. Таму што забыць гэта немагчыма, - сказала Наталля Качанава. - Самае страшнае, што можа быць, гэта вайна".

Паводле яе слоў, у Беларусі многае зроблена для ўвекавечання памяці тых, хто цаной жыцця адстаяў свабоду і незалежнасць, тых, хто быў закатаваны ў канцлагерах. "Практычна кожны кавалачак нашай зямлі - гэта памяць аб тых, хто загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны. Калі ў мінулым годзе некаторыя забылі аб гэтым, мы не змаглі здрадзіць тым людзям, якія стаялі за свабоду і незалежнасць. Мы будзем рабіць усё для таго, каб захаваць мір у нашай краіне. Наша задача - перадаваць з пакалення ў пакаленне праўду аб той вайне. І мы абавязаны зрабіць усё, каб мір і спакой былі на нашай зямлі, каб людзі нараджалі дзяцей, каб гэтыя дзеці гадаваліся для стварэння, а не для таго, каб гінуць і быць закатаванымі", - адзначыла спікер.

Наталля Качанава падкрэсліла: на жаль, апошнім часам многія палітыкі за мяжой забылі пра ўрокі гісторыі. "Таму дэпутацкі корпус, члены Савета Рэспублікі звяртаюцца з заклікам да сусветнай супольнасці: спыніце гэта вар'яцтва, якое разгорнута ў адносінах да нашай краіны. Мы нашчадкі тых, хто загінуў за нашу родную краіну, і мы ніколі не дапусцім, каб у далейшым гэта паўтарылася на нашай зямлі", - канстатавала яна.

"Сёння 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны, і ні ў якім разе нам нельга недаацэньваць значнасць гэтай трагічнай падзеі. Больш як 3 мільёны беларусаў загінулі ў гэту страшную вайну. Сёння мы ўшанавалі іх памяць мінутай маўчання. Чаму менавіта ў гэтым месцы? Таму што гэта адзін з самых буйных канцлагераў, у якім загінулі больш за 80 тыс. ваеннапалонных, - дадаў член Савета Рэспублікі, галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй Іванец. - І захаванне гістарычнай памяці - гэта справа ўсіх нас: нашых бацькоў, настаўнікаў, грамадства, парламентарыяў. У сувязі з гэтым вучоныя робяць вельмі шмат. Сёння Нацыянальная акадэмія навук Беларусі выпускае шэраг выданняў, прысвечаных гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. А самае галоўнае тое, што мы не даём фальсіфікаваць гісторыю. Сумесна з нашымі калегамі - расійскімі вучонымі - мы выдалі фактычна ўнікальнае на постсавецкай прасторы выданне для навучэнцаў школ. Чаму гэта так важна? Мы ведаем, што далёка не ўсе нашы суседзі - краіны, якія былі ўдзельнікамі гэтай вайны, - хочуць захаваць гэту памяць у тым выглядзе, у якім гэта было на самай справе. І вядома, для моладзі важна гэта памятаць. Мы павінны ведаць урокі гісторыі і павінны іх атрымаць, каб яны не паўтарыліся ў будучым".

Член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Уладзіслаў Рыбчык упэўнены: маладое пакаленне не павінна дапусціць скажэння гісторыі. "Сёння спрабуюць маладымі людзьмі маніпуляваць, засланіць гэту гістарычную памяць, - сказаў ён. - У нас праходзяць дыскусійныя платформы аб гісторыі вайны, сустрэчы з навучэнцамі ўстаноў адукацыі. Калі ў час дыскусіі ў кагосьці ўзнікаюць пытанні, мы вяртаемся да вытокаў і пачынаем усё гэта разбіраць. Таму што моладзь павінна ведаць праўду аб вайне".

Мемарыяльны комплекс "Масюкоўшчына" - помнік ваеннапалонным і цывільным людзям, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў адным з буйнейшых на акупіраванай тэрыторыі былога Савецкага Саюза канцэнтрацыйным лагеры смерці "Шталаг-352". У гэтым лагеры фашысты прымянялі асабліва жорсткую сістэму катаванняў і зневажанняў чалавечай годнасці. Людзі ўтрымліваліся ў нечалавечых умовах, у пунях, бараках, стайнях. Для масава прыбываючых ваеннапалонных не хапала месца, і многія з іх, асабліва восенню і зімой 1941-1942 гадоў, кідаліся ў лагеры проста пад адкрытым небам, дзе амаль адразу ж гінулі ад холаду, голаду і хвароб. З ліпеня 1941-га па 3 ліпеня 1944 года ў "Шталагу-352" загінулі больш за 80 тыс. салдат і афіцэраў, якія трапілі ў палон, і мірных жыхароў, сагнаных у лагер з Мінска і навакольных вёсак. Акрамя грамадзян былога СССР са снежня 1943 года па чэрвень 1944-га ў канцлагеры знаходзіліся італьянскія салдаты і афіцэры, якія змагаліся супраць фашыстаў на баку Савецкага Саюза.

Мемарыял размешчаны пасярод невялікага сасновага парку. Да гранітнага манумента вядуць прыступкі, у памяць аб загінулых гарыць Вечны агонь. На тэрыторыі мемарыяла размешчаны брацкія магілы, кожная з якіх абазначана мармуровай чорнай плітой. Пасярод парку ўстаноўлена белая ратонда, дзе пад шклом ляжыць Кніга Памяці, у якую занесены прозвішчы амаль 10 тыс. былых вязняў "Шталага-352". Але імёны больш як 70 тыс. загінулых у канцлагеры да гэтага часу так і застаюцца невядомымі.