Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
18.03.2021

Качанава праводзіць асабісты прыём у Савеце Рэспублікі

17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сёння амаль цэлы рабочы дзень адвяла на асабісты прыём грамадзян. Запісацца хацела шмат людзей, але прыняць усіх фізічна немагчыма, таму на прыём да кіраўніка верхняй палаты парламента трапілі больш за 20 грамадзян - з просьбамі, прапановамі, скаргамі, многія з якіх датычыліся тэмы работы камунальных службаў, якасці капітальнага рамонту, выкарыстання чэкаў “Жыллё” і г.д., перадае карэспандэнт БЕЛТА.

“Жадаючых трапіць на прыём у Савет Рэспублікі вельмі шмат. Да мяне запісалася больш за сто чалавек. Фізічна прыняць такую колькасць людзей немагчыма, хоць я і запланавала весці яго на працягу ўсяго дня, разумеючы колькасць жадаючых. Хачу нагадаць, што ёсць шмат розных спосабаў да нас звярнуцца. Прымаюць старшыні камісій, ёсць электронныя, пісьмовыя звароты, прамыя тэлефонныя лініі. Мы ўсе звароты трымаем на кантролі і па ўсіх абавязкова дасканала разбіраемся. І стараемся давесці да лагічнага завяршэння”, - падкрэсліла Наталля Качанава.

Пенсіянер Браніслаў Цеплякоў выказаў абурэнне работай арганізацыі, якая займалася капітальным рамонтам дома па вул. Карастаянавай у Мінску. Рамонт пачаўся ў 2020 годзе і прадаўжаецца дагэтуль. “Жыльцоў не збіралі, ні з кім не размаўлялі”, - сцвярджае мужчына. Але галоўная праблема ў тым, што пасля замены труб ён і яго жонка рэгулярна сутыкаюцца з праблемамі з вадой, пасярод зімы часам заставаліся без гарачай. Ён звяртаўся ў ЖКГ па месцы жыхарства - рэакцыі пасля гэтага не было. Другое пытанне - стан пад'езда. Жыльцы нават рабілі калектыўны зварот, але і гэта на выканаўцаў не падзейнічала. Людзі самі ў сваім пад'ездзе выпраўлялі недаробкі - хочацца ж, каб быў парадак у доме. “Мы падключымся, нашы спецыялісты пад'едуць разам з кіраўнікамі Цэнтральнага раёна”, - сказала Наталля Качанава.

Жыхарка шматпавярховага дома па вул. Някрасава Ала Цітова незадаволена, як працуе мясцовае прадпрыемства ЖКГ. “Амаль 40 гадоў жыву ў кааператыўным доме ЖБК на верхнім паверсе, адразу пад тэхнічным. Пастаянна працякае столь, залівае калідор. Куды толькі ні звярталіся - але атрымліваецца замкнёны круг, - абазначыла даўнюю праблему жанчына. - Мы ведаем, як звяртацца ў ЖЭУ, у мяне шмат адказаў, 7 актаў праверкі заліцця. Нам адказваюць: “Мы назіраем. Не можам устанавіць, адкуль цячэ”. Або наогул заяўляюць, што залітая столь - гэта фікцыя”. Незразумела і грашовая справаздачнасць: хто плаціць за кватэры, якія пустуюць? Заяўніца падкрэсліла: ёй нават няёмка такімі бытавымі пытаннямі займаць увагу кіраўніка Савета Рэспублікі, але на месцы праблема доўгі час не вырашаецца, і яна ўжо не бачыць іншай магчымасці. Наталля Качанава даручыла перадаць зварот у Мінжылкамгас, каб была праведзена паўнацэнная экспертыза.

Ад імя студэнтаў звярнуўся да Наталлі Качанавай прафесар БДТУ Мікалай Філіпаў. “У нас ВНУ цудоўная, юнакі і дзяўчаты спартыўныя, старанныя, але няма свайго спарткомплексу. Патрэбна база. Мы гатовы будзем і жыхарам раёна выдзяляць гадзіны”, - адзначыў прафесар. У інвестпраграме горада было запланавана будаўніцтва спартыўнага комплексу з басейнам для навучэнскай моладзі, але яго перанеслі на 2022 год. Зямельны ўчастак выдзелены, рашэнне гарвыканкама ёсць. Ёсць і гатовы праект, прычым ён нават быў скарэкціраваны за кошт пазабюджэтных сродкаў ВНУ, але да 2022 года зноў можа ўстарэць. Наталля Качанава абяцала, што сумесна з іншымі ведамствамі абмяркуе ўсе магчымыя варыянты, хоць гэта і няпроста ва ўмовах прыярытэтнага накіравання бюджэтных сродкаў на першачарговыя патрэбы.

Адрамантаваць кватэру з выкарыстаннем чэкаў “Жыллё” хочуць жыхары дома нумар 28/1 па пр. Газеты "Звязда" муж і жонка Пётр і Настасся Юдо. Жывуць яны на 1-м паверсе, дому ўжо 40 гадоў і праблем у яго шмат. “Паглядзім канкрэтна ваш дом і ці трэба рабіць капітальны рамонт, - адзначыла Наталля Качанава. - А па пытанні чэкаў “Жыллё” трэба дадаткова паглядзець, якія шляхі выкарыстання можна прадугледзець для тых, хто на новае будаўніцтва іх так і не выкарыстаў”. З яе пункту гледжання, гэта добрая ідэя паспрабаваць накіроўваць чэкі на рамонт і рэканструкцыю жылля. “Як орган заканадаўчай улады падумаем, як можна аказаць садзейнічанне людзям, якія маюць чэкі “Жыллё”, каб яны маглі рэалізаваць іх”, - сказала кіраўнік Савета Рэспублікі.

З Дуброўна на прыём прыехала Антаніна Цвёрдая, якой хутка споўніцца 62 гады. Яна 30 гадоў адпрацавала ў спажыўкааперацыі, у тым ліку ўзначальвала цэнавую службу. Таму тое, што адбываецца сёння з цэнамі ў краіне, выклікае ў яе жаданне неяк дапамагчы і прымяніць свае веды. Каштоўны вопыт эканаміста, упэўнена Наталля Качанава, знойдзе прымяненне.

Жыхару Баранавіч Міхаілу Барысевічу давялося нават унікаць у тэхнічныя нюансы будаўнічых норм, каб даказаць неадпаведнасць тэхнічным нормам пабудаванага шматпавярховага дома, у якім ён будаваў кватэру долевым удзелам. У адказ - адпіскі. Пасля звароту да Наталлі Качанавай пытаннем будуць займацца камісійна з удзелам Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам і Мінбудархітэктуры.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што сярод заяўнікаў зусім мала тых, хто дагэтуль не прайшоў бы шмат інстанцый. “Пераважаюць пытанні ЖКГ і жыллёвыя - тыя, якімі якраз павінны займацца выканкамы і ўпаўнаважаныя арганізацыі на месцах. Мы заўсёды акцэнтуем увагу мясцовых органаў улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, адкуль звяртаюцца людзі, на недапушчальнасць валакіты і фармалізму ў гэтай рабоце. Калі чалавек звярнуўся - трэба разабрацца. Усякія звароты ёсць, бывае, чалавек проста хоча пагаварыць пра набалелае, бывае, можна даць адказ на працягу прыёму - і заяўніка гэта задавольвае. Галоўнае - уважлівае стаўленне да людзей”, - рэзюмавала Наталля Качанава.

Яскравы прыклад - нежаданне мясцовых органаў улады Калодзішчанскага сельсавета і Мінскага райвыканкама вырашыць пытанне ў іх кампетэнцыі. Адна з заяўніц сёння прадстаўляла інтарэсы свайго кааператыва, на тэрыторыю якога старшыня суседняга гаражнага кааператыва даручыў вывозіць снег. Ён палічыў гэта “эканамічна больш мэтазгодным”. І хоць інспекцыя па ахове навакольнага асяроддзя з ім не пагадзілася, за сапсаваны газон, горы смецця, што адкрыліся пасля частковага раставання снегу, ніхто адказнасці не панёс. Наталля Качанава даручыла, каб да канца тыдня пытанне было вырашана, а вінаваты добраўпарадкаваў тэрыторыю.

Прыём грамадзян прадаўжаецца. Практыка такіх мерапрыемстваў у Савеце Рэспублікі паказвае іх эфектыўнасць: пытанні вырашаюцца за кароткі тэрмін.