Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
23.09.2021

Качанава праводзіць прыём грамадзян у Ляхавічах

22 верасня, Ляхавічы /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава праводзіць сёння прыём грамадзян у Ляхавічах (Брэсцкая вобласць), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першай звярнулася на прыём сямейная пара з Мінска, якая сутыкнулася з далікатнай праблемай усынаўлення. Муж і жонка прайшлі навучанне, але ўсынавіць дзіця па аб'ектыўных прычынах не атрымалася. "Гэта вялікае шчасце, каб у дзіцяці была сям'я. Я разбяруся ў вашым пытанні, пабываю ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення. З вялікай павагай стаўлюся да людзей, якія хочуць дапамагчы сіротам, усынавіць іх. Думаю, мы вам дапаможам", - сказала Наталля Качанава.

З набалелым пытаннем звярнуўся жыхар Мінскага раёна. Ён інвалід ІІ групы, займаецца бізнесам. Яму патрэбны зямельны ўчастак для пашырэння тэрыторыі і развіцця прадпрыемства. У мясцовыя органы ўлады мужчына звяртаўся некалькі разоў, але не разумее прычын адмовы ў прадастаўленні зямлі. Таму папрасіў садзейнічання ў вырашэнні пытання. "Разбяромся ў гэтым у Савеце Рэспублікі. Не павінен чалавек некалькі гадоў звяртацца. Калі няма магчымасці выдзеліць зямлю, трэба растлумачыць яму даступна і аргументавана прычыну адмовы", - адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.

Маці спартсмена-ватэрпаліста заклапочана тым, што яе сына прызываюць у армію. Паводле яе слоў, ён уваходзіць у склад нацыянальнай зборнай, а за час службы не зможа прафесійна трэніравацца і страціць форму. Жанчыну цікавіць, ці ёсць магчымасць атрымаць адтэрміноўку ад службы. На прыём таксама запісаўся фермер, які вырошчвае агародніну і ягады. У яго ўзніклі цяжкасці са збытам клубніц. Справа ў тым, што яму спачатку не дазволілі гандляваць на рынку ў Баранавічах. Пазней пытанне ўдалося ўрэгуляваць, але, як кажуць, асадак застаўся. Наталля Качанава лічыць, што пытанне цалкам у кампетэнцыі мясцовых улад. "Вызначылі б месца для продажу фермерскай прадукцыі там, дзе зручна пакупнікам, а не там, куды яны наўрад ці пойдуць. Разбяромся з гэтым пытаннем", - адказала яна.

Сярод тых, хто звярнуўся, быў старшыня Конькаўскага сельсавета. Ён звярнуў увагу на вёску Зарэчча. З двух бакоў яе акружаюць чыгуначныя шляхі, а з трэцяга агібае рака Шчара. Да вёскі няма пад'язной дарогі для велікагрузнага транспарту. Людзі сутыкаюцца з цяжкасцямі. Але ключавое тое, што ў выпадку надзвычайнай сітуацыі туды не зможа праехаць тэхніка экстранных службаў. Старшыня Савета Рэспублікі лічыць, што да вырашэння праблемы разам павінны падключыцца Брэсцкі аблвыканкам і Ляхавіцкі райвыканкам, зацікаўленыя ведамствы.

Другое пытанне мужчыны датычылася перспектыў развіцця вёскі Літва. Яна роўнааддалена ад Баранавіч і Ляхавіч, ёсць магчымасць прапаноўваць жадаючым участкі для будаўніцтва жылля. Для гэтага патрэбна фінансавая дапамога на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі для жылога квартала. "Пытанне прадастаўлення ўчасткаў для будаўніцтва жылля ў сельскай мясцовасці літаральна ўчора абмяркоўвалася на нарадзе ў Прэзідэнта. Зямлю трэба прадаставіць", - сказала Наталля Качанава.

Члены Савета Рэспублікі сёння праводзяць адзіны дзень прыёму грамадзян у Брэсцкай вобласці. "Такую форму першы раз апрабавалі на Мінскім раёне. Працуем два дні. У першы праводзім прыёмы па асабістых пытаннях, у другі - падводзім вынікі на выязным прэзідыуме Савета Рэспублікі з запрашэннем мясцовых органаў улады. Гэта эфектыўна. Такую форму работы пераймаюць іншыя дзяржаўныя органы, - адзначыла Наталля Качанава. - Папрацаваўшы сёння ў вобласці, заўтра зможам абмяняцца думкамі, дзе і якія ёсць найбольш вострыя пытанні. Не ўсе з іх можна вырашаць на мясцовым узроўні. Ёсць і тыя, за якія трэба ўзяцца нам, людзям, якія працуюць з законапраектамі".

Наталля Качанава таксама расказала аб адрозненнях прыёмаў грамадзян у Брэсцкай вобласці. "Тут жывуць людзі, якія прывыклі працаваць шмат. Займаюцца фермерствам, вытворчасцю, працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах. Прыходзяць з просьбамі аб выдзяленні зямлі, набыцці тэхнікі. Інакш кажучы, людзі хочуць працаваць, і не чакаюць кагосьці, а робяць усё самі. І ў нечым мясцовыя ўлады павінны дапамагаць", - падкрэсліла яна.

Сенатары сёння працуюць амаль ва ўсіх раёнах Брэсцкай вобласці. У прыватнасці, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль Ісачанка адказвае на пытанні жыхароў рэгіёна ў Івацэвіцкім райвыканкаме, старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец - у Ганцавіцкім. Старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы праводзіць прыём у Камянецкім райвыканкаме, старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец - у Брэсцкім. У Кобрынскім райвыканкаме заяўнікі могуць сустрэцца са старшынёй Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктарам Лісковічам, у Лунінецкім - са старшынёй Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргеем Рачковым.

У Брэсцкім гарвыканкаме прыём грамадзян і прамую лінію (8-0162-21-02-04) праводзіць член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр Карпіцкі. У Баранавіцкім райвыканкаме па дапамогу ў вырашэнні пытанняў можна звярнуцца да члена Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Васіля Маркевіча. Яго калега па камісіі Рыгор Пратасавіцкі праводзіць прыём у Столінскім райвыканкаме. Член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Ірына Сачкоўская выслухае праблемы заяўнікаў у Пінскім ГА РГА "Белая Русь", яе калега Тамара Шатлікава - у Маларыцкім райвыканкаме. Член Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Анатоль Шалтанюк праводзіць прыём у Жабінкаўскім райвыканкаме.

У студзені-жніўні члены Савета Рэспублікі разгледзелі 4673 звароты. У прыватнасці, у Брэсцкай вобласці за восем месяцаў паступіла 184 звароты, што на 34 працэнты больш у параўнанні з такім жа перыядам 2020-га. Часцей за ўсё звяртаюцца да сенатараў жыхары Брэста і Баранавіч, Пінска, Івацэвіцкага і Кобрынскага раёнаў.