Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
24.09.2021

Качанава: работа са зваротамі грамадзян была і застаецца актуальнай для ўсіх органаў улады

23 верасня, Бяроза /Кар. БЕЛТА/. Работа са зваротамі грамадзян была і застанецца актуальнай для ўсіх органаў улады. Аб гэтым заявіла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, адкрываючы ў Бярозе выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Работа са зваротамі грамадзян была і застаецца актуальнай для любых органаў улады - гэта паказчык іх эфектыўнасці. Учора, у час адзінага прыёму грамадзян у Брэсцкай вобласці, я чарговы раз у гэтым пераканалася. Прыём паказаў, што не было пытанняў прыдуманых. Людзі звярталіся з жыццёвымі пытаннямі. Часам трэба проста падумаць, як іх вырашыць. Ёсць закон, які пераступаць нельга, але ёсць яшчэ і чалавечыя адносіны. З людзьмі трэба размаўляць, а самае галоўнае - умець іх чуць. Гэта палавіна поспеху кіраўніка. Наша задача - працаваць з людзьмі адказна, дакладна, зладжана", - адзначыла Наталля Качанава.

На абмеркаванне ўдзельнікаў выязнога пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі вынесены вынікі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у Брэсцкай вобласці за восем месяцаў. Для ўдзелу запрошаны прадстаўнікі мясцовых органаў улады - кіраўнікі падраздзяленняў аблвыканкама, старшыні раённых Саветаў дэпутатаў. Таксама сенатары падводзяць вынікі адзінага прыёму грамадзян, які яны напярэдадні правялі ў раёнах Брэсцкай вобласці.

"У гэты дзень у органы ўлады звярнуліся каля 200 чалавек, у тым ліку 147 чалавек - непасрэдна да членаў Савета Рэспублікі. У асноўным людзі звярталіся з пытаннямі, якія датычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, жыллёвай палітыкі, прадпрымальніцкай дзейнасці, землеўпарадкавання і землекарыстання, аховы здароўя, сацыяльнага і пенсійнага забеспячэння. Інакш кажучы, гэта тыя пытанні, якія павінны вырашацца на ўзроўні мясцовай улады. Цяпер самае галоўнае, каб усе паступіўшыя ўчора звароты былі разгледжаны своечасова і якасна", - падкрэсліла загадчыца аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і ўнутраным кантролі Савета Рэспублікі Вольга Нядзвецкая.

Усяго ў студзені-жніўні члены Савета Рэспублікі разгледзелі 4673 звароты. У тым ліку ў Брэсцкай вобласці за восем месяцаў паступіла 184 звароты, гэта на трэць больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Часцей за ўсё звяртаюцца да сенатараў жыхары Брэста і Баранавіч, Пінска, Івацэвіцкага і Кобрынскага раёнаў.-0-