Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
16.02.2021

Качанава сустрэлася з кіраўніцтвам БДУ

15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава правяла сёння сустрэчу з кіраўніцтвам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я ўжо не раз сустракалася са студэнтамі БДУ. І калі на прыёме па асабістых пытаннях да мяне звярнуліся супрацоўнікі ВНУ з прапановай аб сустрэчы, то я прыняла рашэнне спачатку пагутарыць з кіруючым складам вядучай ВНУ краіны - з дэканамі факультэтаў, прарэктарамі, рэктарамі. Я ўпаўнаважаная па Мінску, а значыць, усё, што адбываецца ў горадзе, ад эканомікі да грамадска-палітычнай сітуацыі, звязана непасрэдна з маёй работай", - сказала Наталля Качанава.

Рэктар БДУ Андрэй Кароль адзначыў, што такія сустрэчы - магчымасць на высокім узроўні абмеркаваць існуючыя пытанні. "Мы сёння ў ВНУ робім вельмі шмат для таго, каб выбудаваць паўнацэнны дыялог паміж усімі прадстаўнікамі ўніверсітэцкай супольнасці. Сёння любы студэнт, супрацоўнік заўсёды можа прыйсці да дэкана, прарэктара, рэктара і абмеркаваць хвалюючыя пытанні. Мы імкнёмся выбудаваць пастаянны дыялог і безбар'ерную камунікацыю. Іншая справа, што сучасная грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне і свеце прадугледжвае больш адкрытую размову паміж усімі прадстаўнікамі ўніверсітэцкай супольнасці. Тут ёсць неабходнасць папрацаваць, і мы разумеем, дзе існуюць гэтыя слабыя месцы", - падкрэсліў Андрэй Кароль.

Рэктар нагадаў, што 2021-ы - асаблівы год для ВНУ, якая адзначае сваё стагоддзе. Падрыхтоўка да юбілею пачалася яшчэ некалькі гадоў таму, а план святкавання ўключае 100 падзей, якія не застануцца незаўважанымі грамадскасцю. У ліку юбілейных мерапрыемстваў не толькі яркія акцыі, але і выданне кніг, развіццё інфраструктуры, абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ВНУ. "Аргкамітэт збіраецца раз у месяц, каб абмеркаваць усе пытанні. Гэта дае магчымасць трымаць руку на пульсе і рэагаваць там, дзе ўзніклі некаторыя затрымкі", - адзначыў ён.

БДУ ў кастрычніку 2021 года адзначыць 100-годдзе. Гэта значная падзея для Беларусі і нацыянальнай сістэмы адукацыі. БДУ стаў першым і галоўным універсітэтам у нашай краіне, з'яўляецца флагманам вышэйшай адукацыі Беларусі, яе навуковым і культурным цэнтрам. Сучасны БДУ прадстаўлены 17 факультэтамі, 4 адукацыйнымі інстытутамі, 7 установамі адукацыі, 6 навукова-даследчымі інстытутамі, 41 навукова-даследчай лабараторыяй, 4 інавацыйнымі вытворчымі прадпрыемствамі, 5 вучэбна-вытворчымі кластарамі, 177 кафедрамі, 3 вучэбна-доследнымі станцыямі, 4 музеямі. Фонд фундаментальнай бібліятэкі БДУ налічвае каля 2 млн тамоў айчыннай і замежнай літаратуры.

Калектыў БДУ складаюць амаль 8 тыс. супрацоўнікаў. Адукацыйны працэс забяспечваюць прыкдадна 3,2 тыс. выкладчыкаў, з якіх 6 акадэмікаў, 10 членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі, больш за 300 дактароў навук і прафесараў, звыш 1,3 тыс. кандыдатаў навук. Колькасць тых, хто навучаецца, складае больш за 30 тыс. студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і дактарантаў. Сярод іх 4074 замежныя грамадзяніны з 62 краін.

Амаль за 100 гадоў у БДУ падрыхтаваны каля 185 тыс. спецыялістаў, 4,7 тыс. кандыдатаў навук, 700 дактароў навук, больш за 15 тыс. замежных спецыялістаў, магістрантаў, аспірантаў. У ліку выпускнікоў вядомыя вучоныя, акадэмікі, прафесары, лаўрэаты дзяржаўных прэмій СССР, БССР і Беларусі, менеджары вышэйшага звяна вялікіх кампаній. Са сцен БДУ выйшлі народныя паэты, заслужаныя дзеячы, прызёры Алімпійскіх гульняў.

БДУ наблізіўся да 1 працэнта лепшых універсітэтаў свету, займаючы высокія пазіцыі сярод 30 тыс. існуючых устаноў вышэйшай адукацыі. Сёння вядучая беларуская ВНУ прадстаўлена ў рэйтынгах 12 агенцтваў, уключаючы "вялікую тройку": QS, THE і Шанхайскі.-0-