Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
05.04.2021

Качанава: у Год народнага адзінства як ніколі важна актыўная грамадзянская пазіцыя кожнага з нас

2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Год народнага адзінства як ніколі важна актыўная грамадзянская пазіцыя кожнага з нас. Аб гэтым заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на адкрыцці пятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Год народнага адзінства як ніколі важна актыўная грамадзянская пазіцыя кожнага з нас, ад якой залежыць будучыня дзяржавы і беларускага народа", - сказала Наталля Качанава.

Спікер падкрэсліла, што ў цэнтры дзяржаўнай палітыкі нашай краіны заўсёды быў і будзе чалавек, яго правы, свабоды і законныя інтарэсы, а грамадскімі каштоўнасцямі заўсёды будуць мір, стабільнасць, спакой і прагрэс.

"Сёння Беларусь вымушана процістаяць шырокаму спектру пагроз, аб якіх раней не магло быць і размовы. На жаль, у жыццё ўсё больш трывала ўваходзяць паняцці эканамічных санкцый, двайных стандартаў, інфармацыйнай агрэсіі, фальсіфікацыі гісторыі, каляровых рэвалюцый, гібрыдных войнаў. Таму як ніколі актуальнай з'яўляецца задача па кансалідацыі грамадства з мэтай процідзеяння новым выклікам сучаснасці", - адзначыла яна.

Для гэтага, несумненна, патрэбны эфектыўныя нарматыўныя рэгулятары і сучасная прававая сістэма, заснаваныя на Канстытуцыі Беларусі. Указам Прэзідэнта створана Канстытуцыйная камісія, у склад якой увайшлі і члены Савета Рэспублікі.

Кіраўніком дзяржавы перад камісіяй пастаўлена надзвычай адказная задача - выпрацаваць прапановы па змяненні Асноўнага закона краіны з улікам меркаванняў, якія паступілі ў час правядзення дыялогавых пляцовак, работы грамадскіх прыёмных, разгляду зваротаў грамадзян.

"Мадэрнізацыя шэрага канстытуцыйна-прававых норм павінна садзейнічаць забеспячэнню нацыянальнай бяспекі і ўмацаванню правапарадку, дасягненню сацыяльнай стабільнасці і згоды ў грамадстве. Абноўленая Канстытуцыя стане базай для палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы і грамадства на многія гады наперад, - дадала Наталля Качанава. - Заклікаю ўсіх членаў Савета Рэспублікі сур'ёзным чынам уключыцца ў гэту дзейнасць. Бо вы прадстаўляеце цэлыя рэгіёны нашай краіны, а значыць, павінны праводзіць шырокамаштабную інфармацыйную работу па давядзенні да працоўных калектываў і насельніцтва рашэнняў Усебеларускага народнага сходу, абмеркаванні канстытуцыйных ініцыятыў і навацый".