Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
04.02.2021

Качанава: у рабоце са зваротамі грамадзян не павінна быць валакіты і фармалізму

3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі на тэму "Аб эфектыўнасці і рэзультатах работы адміністрацыі Маскоўскага раёна горада Мінска, дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у 2020 годзе" адбылося сёння на базе адміністрацыі Маскоўскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Выязныя пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі сталі ўжо традыцыйнымі. Гэта практыка апраўдала сябе. Таму што гэта зваротная сувязь, магчымасць пачуць, якія рашэнні неабходна прыняць у плане карэкціроўкі законапраектаў або распрацоўкі новых заканадаўчых актаў, - сказала Наталля Качанава. - Работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб для органаў улады і дэпутацкага корпуса - не новая. Разам з тым мы бачым, што з'яўляюцца новыя формы, якія сябе нядрэнна зарэкамендавалі. Гэта дыялогавыя пляцоўкі, грамадскія прыёмныя, выязныя мерапрыемствы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Сустрэчы з людзьмі - гэта тыя ж звароты грамадзян, якія паступаюць ужо асабіста. Галоўнае, што ў гэтай рабоце не павінна быць валакіты і фармалізму. Бо па гэтай рабоце мяркуюць пра работу дзяржаўнай улады".

Своечасовы і якасны разгляд зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з'яўляецца адным з прыярытэтаў для ўсіх дзяржаўных органаў. У 2020 годзе члены Савета Рэспублікі разгледзелі амаль 4 тыс. пісьмовых зваротаў, у тым ліку члены прэзідыума - больш за 60 працэнтаў.

Найбольшая колькасць зваротаў у Савет Рэспублікі паступіла ад мінчан - 1080. Іх аналіз паказаў, што грамадзяне ўздымаюць шырокае кола пытанняў, якія датычацца ў асноўным жыллёва-камунальнай гаспадаркі, жыллёвай палітыкі, архітэктуры і будаўніцтва, гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва, адукацыі, сацыяльнага забеспячэння, дзейнасці таварыстваў уласнікаў. Жыхароў многіх рэгіёнаў рэспублікі, якія з'яўляюцца трымальнікамі жыллёвых аблігацый ТАА "Жылбудкамплект", непакоіць сітуацыя з незавершаным будаўніцтвам жылога комплексу "Грушаўскі Пасад" (жылыя дамы нумар 3 і нумар 4 у межах пр. Дзяржынскага і вул.Шчорса, заказчыкам якіх выступае гэта таварыства). Названае пытанне таксама сёння было разгледжана ў час пасяджэння. Было адзначана, што ў кіраўніцтва ўжо ёсць шляхі яго вырашэння.

Кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Таццяна Калядка дадала, што акрамя таго закраналася пытанне функцыянавання КТГС. "Хацелася б, каб сапраўды сумесная работа жыхароў, адміністрацыі і дэпутацкага корпуса была зладжанай і эфектыўнай. А самае галоўнае, накіравана на паляпшэнне якасці жыцця жыхароў нашых мікрараёнаў", - адзначыла яна.

Старшыня Мінскага гарадскога савета дэпутатаў Андрэй Бугроў акцэнтаваў увагу, што вырашэнне праблем жыхароў горада - прыярытэт у рабоце мясцовых улад. "І, вядома, работа службы "Адно акно" дала каласальны эфект. Гэта значыць чалавек сёння можа вырашыць любую сваю праблему, звярнуўшыся ў дзяржорган. Акрамя таго, у рабоце са зваротамі грамадзян актыўна прымаюць удзел дэпутаты мясцовых Саветаў і парламентарыі. Таму пытанні грамадзян вырашаюцца якасна і, самае галоўнае, мы выкарыстоўваем сучасныя тэхналогіі, якія дазваляюць нам заўсёды даць своечасовы адказ заяўніку", - расказаў ён.

За 2020 год у Мінгарвыканкам паступіла 15 227 зваротаў. З іх крыху больш за 13 тыс. - звароты фізічных асоб і амаль 1,6 тыс. - юрыдычных асоб. Рост склаў у межах 10 працэнтаў. "Усе звароты, якія паступілі, прайшлі апрацоўку. У цэлым звароты сталі больш якаснымі. Гэта значыць заяўнік разумее, што неабходна, і звяртаецца з той праблемай, якая цікавіць не толькі яго, але і жыхароў яго дома, двара, раёна ў цэлым", - дадаў старшыня Мінгарсавета.

Удзельнікі пасяджэння таксама азнаёміліся з дзейнасцю службы "Адно акно" адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска. Яна размешчана на 4-м паверсе адміністрацыі раёна. У рабочыя дні служба працуе з 8.00 да 20.00, у суботу - з 9.00 да 13.00. Усю неабходную даведачную інфармацыю грамадзяне могуць атрымаць, набраўшы кароткі нумар 142. Акрамя таго, для зручнасці грамадзян у анлайн-рэжыме працуе відэакамера. Зайшоўшы на сайт, жыхары раёна могуць убачыць, ці ёсць на гэты момант чарга, і выбраць найбольш аптымальны для сябе час наведвання службы. Яшчэ адна навацыя - наяўнасць электроннай чаргі.

Як адзначыла жыхарка раёна Таццяна Матусевіч, усё гэта сапраўды стварае зручнасць для грамадзян. "У службу "Адно акно" я звярнулася, каб паставіць малодшую дачку на чаргу ў дашкольную ўстанову. Мы прадаставілі неабходныя дакументы, пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці - і нас паставілі на чаргу ў дашкольную ўстанову. На ўсё пайшло літаральна некалькі мінут. Важна, што, падаваючы дакументы, можна назваць у які з бліжэйшых дзіцячых садоў вы хацелі б трапіць. Прыемна, што для дзяцей арганізавана гульнявая зона, дзе можна заняць дзіця, пакуль ты вырашаеш свае пытанні", - расказала Таццяна.

Жанчына жыве ў мікрараёне Брылевічы. Раён новы, будуюцца новыя дзіцячыя сады, але пакуль праблема з забяспечанасцю месцамі ў дашкольных установах застаецца актуальнай. "Нядаўна адкрыўся яшчэ адзін дзіцячы сад. Думаю, што з часам месцаў будзе дастаткова. Мы выбралі дзіцячы сад нумар 170, таму што ён бліжэйшы да нашага дома і яго наведвае наша старэйшая дачка. Дарэчы, вырашэнне маёй праблемы заняло літаральна некалькі мінут", - дадала яна.

Па выніках сённяшняга абмеркавання выпрацаваны прапановы па паляпшэнні работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб і рэкамендацыі па вырашэнні шэрага актуальных пытанняў.