Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
05.07.2021

Качанава: умяшанне ў справы суверэннай дзяржавы - парушэнне міжнародных дамоўленасцей

5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Умяшанне ў справы суверэннай дзяржавы з'яўляецца парушэннем усіх міжнародных дамоўленасцей. Аб гэтым заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

"Што датычыцца санкцый ЕС, у мяне няма слоў, каб выказаць сваё абурэнне. Гэта недапушчальна, гэта ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы, парушэнне ўсіх міжнародных дамоўленасцей. Гэтаму трэба ставіць сур'ёзную заслону. Мы абмяркоўвалі гэта пытанне з расійскімі калегамі. Мы з гэтым не згодзімся ніколі, - падкрэсліла Наталля Качанава. - Але для таго, каб у меншай ступені адчуць на сабе санкцыйны націск, нам трэба працаваць, шукаць шляхі і выхады, прымаць рашэнні для захавання нашага ўзроўню эканомікі. За першыя пяць месяцаў 2021 года дасягнута станоўчая дынаміка".

Спікер таксама падвяла вынікі VIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. За час форуму былі падпісаны кантракты на $800 млн. Як адзначыла Наталля Качанава, выйсці ў будучым на мільярдны рубеж было б знакавай падзеяй. "Мы будзем старацца дасягнуць такой лічбы ў наступным годзе. Але галоўнае пытанне - эфектыўнасць", - падкрэсліла яна.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што за час правядзення форумаў рэгіёнаў дасягнуты значныя вынікі, але гэта не мяжа. "Расія - наш стратэгічны партнёр. З'яўляюцца новыя кантракты, ствараюцца сумесныя прадпрыемствы. Думаю, у цяперашняй сітуацыі гэтыя пагадненні будуць яшчэ больш важкімі і значнымі", - заявіла яна.

Тэмай форуму стала навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў эпоху лічбавізацыі і перыяд фарміравання адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы ў працэсе інтэграцыі дзвюх дзяржаў. "Навука рухае развіццё любой краіны. Вядома, трэба аб'ядноўваць нашы намаганні для таго, каб развіваць навуковыя арганізацыі. Мы даўно цесна працуем з Расіяй па гэтых напрамках. Ад гэтага залежыць будучыня нашых краін", - канстатавала Наталля Качанава.

"Мы гаварылі і аб тым, якія пагрозы сёння мае лічбавізацыя, развіццё інтэрнэту. Хлусня, фэйкі льюцца проста патокам. Чалавеку бывае вельмі няпроста вызначыць у гэтым патоку інфармацыі, дзе хлусня, а дзе праўда. Мы павінны вельмі ўважліва ставіцца да гэтай праблемы. Я прапанавала стварыць двухбаковую групу на высокім узроўні, дзе мы займаліся б адпрацоўкай мадэльных законапраектаў у гэтай сферы, сачылі, як у далейшым будуць рэалізаваны прынятыя заканадаўчыя акты. Мы будзем адпрацоўваць гэта пытанне", - праінфармавала спікер.

Наталля Качанава таксама падкрэсліла, што правядзенне Форуму рэгіёнаў у рэжыме відэа-канферэнц-сувязі не зніжае выніковасць перагавораў. "Работа над пагадненнямі і кантрактамі, якія падпісваюцца на форуме, вядзецца на працягу ўсяго года. Сам форум - гэта падвядзенне вынікаў нашай работы, абмеркаванне актуальнай тэматыкі. Вядома, хацелася б жывых стасункаў, іх не заменяць ніякія інфармацыйныя тэхналогіі. Але разам з тым відэа-канферэнц-сувязь - таксама вельмі эфектыўная форма работы. Мы плённа папрацавалі ў гэтыя дні, прынялі рашэнні на карысць нашых дзяржаў", - рэзюмавала яна.

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі на працягу васьмі гадоў праходзіць пад эгідай верхніх палат парламентаў дзвюх краін - Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі. Чарговы форум праходзіў з 29 чэрвеня па 1 ліпеня.