Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
08.02.2021

КДК папярэджвае грамадзян аб росце колькасці выпадкаў тэлефоннага махлярства

5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Апошнім часам у Беларусі пачасціліся выпадкі тэлефоннага махляртва (вішынгу), паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Telegram-канал Камітэта дзяржаўнага кантролю.

"Як правіла, аферысты прадстаўляюцца супрацоўнікамі банкаў, дзяржаўных органаў, у тым ліку Камітэта дзяржкантролю. Па выдуманых прычынах (ажыццяўленне падазроных фінансавых аперацый па рахунках уладальніка, арганізацыя праверкі і прыцягненне да крымінальнай адказнасці, наяўнасць шкоднага дадатку на мабільным тэлефоне, які можа ўплываць на кіраванне банкаўскай карткай і інш.) махляры спрабуюць даведацца ў грамадзян або прадстаўнікоў суб'ектаў гаспадарання інфармацыю аб рэквізітах банкаўскіх картак, руху грашовых сродкаў па рахунках арганізацый і да т.п.", - растлумачылі ў КДК.

Некалькі выпадкаў, калі махляры пад выглядам работнікаў Дэпартамента фінансавых расследаванняў выпытвалі асабістыя даныя грамадзян, устаноўлены ў лютым 2021 года. Напрыклад, у Наваполацку зламыснік спрабаваў па тэлефоне даведацца інфармацыю аб банкаўскай картцы мясцовай жыхаркі, спасылаючыся на запыт з банка. Аферыст прапаноўваў жанчыне анлайн-дапамогу ў ліквідаванні шкоднага дадатку з мабільнага тэлефона.

Падобны выпадак здарыўся ў Лідзе: на мабільны тэлефон работніцы мясцовага прадпрыемства патэлефанаваў невядомы мужчына, які таксама прадставіўся работнікам органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Ён прапанаваў ёй супрацоўніцтва нібыта для праверкі інфармацыі аб ажыццяўленні падазроных фінансавых аперацый па разліковых рахунках прадпрыемства.

У абодвух выпадках патэнцыяльныя ахвяры праявілі пільнасць, не паведаміўшы тэлефонным махлярам патрэбную ім інфармацыю. Дзякуючы гэтаму зламыснікі не змаглі нанесці які-небудзь матэрыяльны ўрон.

"Аферысты пастаянна ўдасканальваюць спосабы падману даверлівых грамадзян. У прыватнасці, могуць называць прозвішчы або пасады дзеючых работнікаў кантралюючых або праваахоўных органаў, нумары іх службовых тэлефонаў, тэлефонаў даверу і аддзелаў па рабоце са зваротамі грамадзян (як правіла, гэтыя даныя знаходзяцца ў свабодным доступе, у тым ліку размешчаны на сайтах дзяржорганаў у інтэрнэце)", - дадалі ў кантрольным ведамстве.

Грамадзянам неабходна ведаць, што прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю ніколі не запытваюць па тэлефоне звесткі аб банкаўскіх картках і іншую асабістую інфармацыю. І ў цэлым, кім бы ні прадстаўляліся субяседнікі, нельга паведамляць ім інфармацыю аб нумарах сваіх банкаўскіх картак, тэрмінах іх дзеяння, кодах і паролях, а таксама пашпартныя даныя.

Пра ўсе факты тэлефоннага махлярства варта неадкладна інфармаваць органы ўнутраных спраў.

Што датычыцца падазроных званкоў, калі патэлефанаваўшыя прадстаўляюцца работнікамі органаў фінансавых расследаванняў, то паведаміць інфармацыю аб гэтым можна ва ўпраўленне ўласнай бяспекі Камітэта дзяржкантролю па тэлефоне 8(017) 328 54 99.