Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
25.11.2021

Кунцэвіч: створаныя ўмовы для работы СМІ на граніцы сведчаць аб адкрытасці Беларусі

24 лістапада, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Створаныя для сродкаў масавай інфармацыі ўмовы работы ў пункце часовага размяшчэння бежанцаў у транспартна-лагістычным цэнтры на граніцы сведчаць аб адкрытасці Беларусі для работы журналістаў. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі ў ТЛЦ заявіў першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У прэс-цэнтры абсталявана 8 месцаў з падключэннем да інтэрнэту і 20 пасадачных. Пры неабходнасці іх колькасць павялічаць. Сітуацыя па-ранейшаму застаецца ў полі зроку беларускіх і замежных медыя. Выдадзена 87 акрэдытацый 36 замежным медыя. Яшчэ 40 чалавек маюць пастаянную акрэдытацыю. Гэтыя лічбы пераканаўча сведчаць аб адкрытасці Беларусі для работы СМІ", - адзначыў Андрэй Кунцэвіч.

Генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў расказаў журналістам, што бежанцам у ТЛЦ раздаюцца спецыяльныя анкеты, па якіх можам прааналізаваць патрэбнасці людзей. "У дзень выдаецца каля 4-5 тон прадуктаў харчавання. Створаны ўсе ўмовы, каб людзі маглі сябе адчуваць камфортна", - падкрэсліў ён.

Начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Лакіза паведаміў, што з першых дзён засялення ў ТЛЦ арганізавана пажарная бяспека. "На аб'екце пастаянна працуюць супрацоўнікі МНС. Прадуманы шляхі эвакуацыі на выпадак пазаштатнай сітуацыі. Праводзіцца растлумачальная работа сярод бежанцаў для недапушчэння пажараў", - сказаў ён.

Паводле слоў намесніка старшыні Гродзенскага райвыканкама Паўла Іадкоўскага, на тэрыторыі ТЛЦ устаноўлены біятуалеты і бакі для смецця, кожныя 3 гадзіны вывозіцца смецце. Па неабходнасці працуе снегаўборачная тэхніка.

У сваю чаргу старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Віктар Лісковіч звярнуў увагу, што за мінулыя суткі па дапамогу да медыкаў звярнуліся 134 бежанцы ў ТЛЦ. На гэты момант у бальніцах знаходзяцца 6 чалавек.

"Запас неабходных прадуктаў і прылад для бежанцаў у ТЛЦ створаны як мінімум на 2 дні. Актыўна працуюць валанцёры. Штодзённа 7 студэнтаў працуюць у якасці перакладчыкаў, якія дапамагаюць бежанцам у камунікацыі. Цэны ў аўтакрамах у ТЛЦ не завышаны - такія ж, як і ў гандлёвай сетцы рэспублікі. За гэтым уважліва сочым", - адзначыў сенатар.