Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
19.03.2021

Лакіза: заключэнне Рыжскага мірнага дагавора - трагічная падзея ў гісторыі Беларусі

18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заключэнне Рыжскага мірнага дагавора - трагічная падзея ў гісторыі Беларусі, заявіў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук Вадзім Лакіза ў час пасяджэння праекта БЕЛТА "Экспертнае асяроддзе" на тэму "Рыжскі мірны дагавор у лёсе беларускага народа".

"100 гадоў прайшло з моманту заключэння Рыжскага мірнага дагавора. І мы, гісторыкі, палітыкі, грамадскія дзеячы, ацэньваем сёння гэту падзею, - сказаў Вадзім Лакіза. - У гісторыі Беларусі было шмат розных падзей, але гэта трагічная, якая прывяла да шматгадовага падзелу народа, акупацыі тэрыторыі, і мы пра гэта павінны гаварыць".

Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце 18-19 сакавіка праводзяць міжнародную навуковую канферэнцыю "Рыжскі мір 1921 года ў лёсе беларускага народа (да 100-годдзя заключэння)". "Вельмі важна, што на канферэнцыі збяруцца вядучыя гісторыкі нашай краіны. Ва ўмовах пандэміі не будзе шырокага замежнага прадстаўніцтва, але прыляцеў гісторык з Узбекістана, які займаецца гэтай праблематыкай і пакажа сваё бачанне. Будзем разглядаць Рыжскі мірны дагавор і яго ўплыў на лёс беларускага народа, гісторыю беларускай дзяржаўнасці, будзе дадзена ў цэлым ацэнка гэтых падзей беларускімі і замежнымі гісторыкамі. У выніку павінна быць прынята рэзалюцыя, якая будзе даступна для шырокай грамадскасці", - адзначыў дырэктар інстытута.

Паводле слоў Вадзіма Лакізы, важна, што ўдзел у форуме прымуць студэнты Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, якія займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю. "У Акадэміі кіравання вучацца студэнты, якія ў далейшым будуць прымаць пэўныя рашэнні. Таму адна з задач канферэнцыі - паляпшэнне ўзаемадзеяння акадэмічнай і ўніверсітэцкай навукі па актуальных праблемах развіцця айчыннай сацыягуманітарыстыкі. Работа будзе прадаўжацца на працягу двух дзён. Думаю, што коп'і не будуць ламацца, але многія пытанні будуць чарговы раз узняты, акрэслены, зыходзячы з нацыянальна-дзяржаўных пазіцый, нацыянальных інтарэсаў", - падкрэсліў ён.

Дырэктар інстытута дадаў, што 26 сакавіка міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная гэтай знакавай падзеі, адбудзецца на гістарычным факультэце БДУ. Круглы стол па гэтай тэматыцы 29 сакавіка пройдзе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, а 30 сакавіка - у Акадэміі кіравання.