Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
02.04.2021

Лукашэнка: абарона ўнутранага рынку і айчынных вытворцаў - пытанне нумар адзін

1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць зладжанай работы дзяржаўных органаў у пытаннях абароны ўнутранага рынку і інтарэсаў айчынных вытворцаў. Аб гэтым ён заявіў сёння, прымаючы з дакладам першага віцэ-прэм'ера Мікалая Снапкова і міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзіміра Калтовіча, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Пытанне абароны ўнутранага рынку і айчыннага таваравытворцы - пытанне нумар адзін. Мы вырабляем. Няхай наш рынак невялікі. Але трэба канкурэнтным чынам, зразумела, не аддаваць нікому гэты рынак. Мы, вядома, павінны памятаць пра нашы абавязацельствы ў рамках еўразійскай эканамічнай прасторы. Але тым не менш, ёсць вялікія пытанні і да органаў кіравання, якія павінны кантраляваць і прымаць адпаведныя меры па абароне ўнутранага рынку і нашых таваравытворцаў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта і іншыя пытанні ўзнімаліся самімі беларускімі таваравытворцамі.

"Таму я меркаваў, што ва ўрадзе вы падрыхтуеце шэраг адпаведных мер. Па-першае, для абароны ўнутранага рынку. І тут жа - для абароны айчыннага таваравытворцы. Тут нам мудраваць, хітрыць і хаваць нейкія пытанні няма неабходнасці. Мы сёння вырабляем велізарны спектр тавараў спажывання. А ў асобных нашых так званых супермаркетах і магазінах мы гэтага не бачым, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Дайшло да таго, што некаторыя з іх (гэта ўжо праваахоўныя органы разбіраюцца) проста адмаўляліся браць да рэалізацыі беларускія тавары".



"Я не буду іх называць - гэтыя кампаніі. Але вельмі шкада, Уладзімір Васільевіч (Калтовіч. - Заўвага БЕЛТА), што гэта не ад вас інфармацыя Прэзідэнту паступіла. Гэта сведчыць аб тым, што тыя даручэнні, якія мною дадзены вам, перш за ўсё прафсаюзам і дэпутатам (урад мы з гэтага спіса не выключаем, зразумела), як мінімум не зусім выконваюцца. Такія рэчы трэба не проста спыняць, а выпальваць гарачым жалезам", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся пытаннем крытычнага імпарту: "Што гэта такое ў нашых умовах, як ідуць справы, што неабходна зрабіць?"