Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
26.01.2021

Лукашэнка адобрыў увядзенне біяметрычных дакументаў, але асобныя моманты даручана дапрацаваць

25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў цэлым адобрыў увядзенне ў краіне біяметрычных дакументаў, але асобныя моманты даручана дадаткова прааналізаваць і дапрацаваць. Аб гэтым стала вядома па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дата, з якой пачнуць выдаваць такія дакументы, пакуль не вызначана. Яна будзе прапанавана Прэзідэнту ў праекце ўказа, калі ўсе нюансы будуць улічаны.

"Сістэма Міністэрства ўнутраных спраў гатова ўжо, каб ажыццяўляць выдачу біяметрычных дакументаў. Аднак Прэзідэнтам былі пастаўлены дадатковыя пытанні, якія неабходна прапрацаваць. Гэта і абарона персанальных даных - пытанне нумар адзін на сённяшні дзень. На дастаткова высокім узроўні знаходзіцца абарона персанальных даных па тых біяметрычных дакументах, якія плануецца ўвесці ў дзеянне, - расказаў пасля нарады міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. - Што датычыцца тэрмінаў увядзення, то яны будуць вызначаны дадаткова з улікам аб'ёму (неабходных дапрацовак. - Заўвага БЕЛТА) і пасля правядзення пагаджальнай нарады з усімі зацікаўленымі дзяржорганамі. Дадаткова ва ўказе будзе прапісана дата выдачы біяметрычных дакументаў".

Паводле слоў кіраўніка МУС, у першую чаргу звярталася ўвага на зручнасць насельніцтва пры атрыманні і выкарыстанні біяметрычных дакументаў. Іван Кубракоў растлумачыў, што нават пасля пачатку выдачы дакументаў новага ўзору ўсе ранейшыя пашпарты грамадзян будуць сапраўдныя на працягу свайго тэрміну дзеяння. Больш таго, адна з прапаноў - крыху дапрацаваць сістэму, каб адным і тым жа дакументам можна было карыстацца як унутры краіны, так і пры выездзе за мяжу.

"З улікам пагадненняў іншых краін прапрацоўваецца, каб была толькі ID-картка альбо адзін дакумент, які і для выезду за мяжу, і для выкарыстання ўнутры краіны", - растлумачыў міністр.

Як растлумачыў журналістам па выніках нарады міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган, кіраўнік дзяржавы паставіў пытанне аб зручнасці замены і выкарыстання біяметрычных дакументаў для ўсіх катэгорый насельніцтва. У тым ліку і для тых, хто не захоча пасля заканчэння тэрміну дзеяння цяперашняга, звычайнага пашпарта атрымліваць ID-картку.

Паводле яго слоў, першапачаткова меркавалася, што грамадзяне Беларусі, у якіх скончылася дзеянне пашпарта, атрымаюць узамен ID-картку для выкарыстання ўнутры краіны, а пры неабходнасці выезду за мяжу могуць атрымаць біяметрычны пашпарт. "Але кіраўнік дзяржавы паставіў пытанне зручнасці для насельніцтва. Калі вы не захочаце пераходзіць на гэтыя дакументы, вы павінны мець магчымасць атрымліваць усё тое, што дзяржавай прадугледжана, - адзначыў міністр. - Калі вы хочаце, каб ваш стары пашпарт заставаўся рабочым, не хочаце атрымліваць электронныя паслугі (па ID-картцы. - Заўвага БЕЛТА), а хочаце пакінуць усё як ёсць (сярод нашых грамадзян знойдуцца і такія) - трэба знайсці, як зрабіць гэта магчымым. Размова ідзе аб тым, што біяметрычны пашпарт будзе выконваць функцыі старога пашпарта (каб ім можна было карыстацца, як і раней, унутры краіны без атрымання ID-карткі. - Заўвага БЕЛТА)", - сказаў Канстанцін Шульган.

Для такіх сітуацый цяпер будзе прапрацоўвацца тэхнічнае рашэнне. "Цяпер мы будзем прапрацоўваць магчымасць, каб выдаваць новы пашпарт, дзе ёсць біяметрычны чып, які выкарыстоўваецца ў пашпарце для выезду за мяжу, але каб ён быў юрыдычна значным і ўнутры краіны", - дадаў міністр.

Што датычыцца тэрмінаў, то ён запэўніў, што ўсе зацікаўлены зрабіць гэта максімальна хутка. Наконт магчымасці аб'яднання ID-карткі і біяметрычнага пашпарта міністр запярэчыў, што "гэта тэхналагічна цяжка", таму такі варыянт цяпер не разглядаецца.

Адказваючы на пытанне аб тым, якія перавагі ID-карткі, каб людзі былі зацікаўлены ў яе атрыманні, Канстанцін Шульган назваў яе "пропускам у свет электроннай дзяржавы". "Гэта, у першую чрагу, унутраны дакумент, на якім ёсць даныя пра грамадзяніна, плюс на ёй знаходзіцца яшчэ і электронны лічбавы подпіс, які дае магчымасць не толькі атрымліваць электронныя паслугі, але і падпісваць дакументы, робячы іх юрыдычна значнымі", - растлумачыў ён. Самае важнае, на яго погляд, тое, што на картцы зафіксаваны асабісты ідэнтыфікацыйны нумар грамадзяніна. Праз ID-картку з дазволу грамадзяніна ўводам пароля можна атрымаць доступ да розных дзяржаўных баз даных, дзе захоўваюцца звесткі аб ім. Міністр прывёў у прыклад простую жыццёвую сітуацыю: "Калі вы прыходзіце на пошту за любымі паслугамі і прадастаўляеце, як цяпер, пашпарт, то чакаеце, пакуль аператар запаўняе формы па пашпарце. А калі з ID-карткай - аператар прыкладвае счытвальнік, і ўсе вашы даныя аўтаматычна трапляюць у форму. Гэта дазволіць і чэргі скараціць, і тэхналагічны працэс больш інтэнсіўна наладзіць. Акрамя таго, можна карыстацца карткай і дома, атрымліваючы ўсемагчымыя даведкі, праводзячы адміністрацыйныя працэдуры".

Міністр выказаў меркаванне, што з увядзеннем сістэмы біяметрычных дакументаў непазбежна ўзнікнуць пэўныя складанасці, што заканамерна пры рэалізацыі такіх маштабных праектаў. "Гэта сістэма - краінавая. Гэта першая нацыянальная сістэма ўзаемадзеяння баз даных дзяржавы з карыстальнікамі. У пачатку масавага тэсціравання, магчыма, спатрэбяцца дапрацоўкі. Гэта рабочыя моманты. Ні ў адной краіне гладка гэта не праходзіла. Мы ствараем кол-цэнтры, дзе грамадзяне змогуць пакідаць свае заўвагі, і мы будзем іх аператыўна прапрацоўваць", - сказаў Канстанцін Шульган.

Як раней паведамлялася БЕЛТА, у Беларусі плануецца выдаваць біяметрычныя ідэнтыфікацыйныя карткі для выкарыстання ўнутры краіны і пашпарт пры неабходнасці выезду за мяжу.

ID-картка ўяўляе сабой невялікую пластыкавую картку, на якую будзе нанесена фатаграфія і асноўныя асабістыя даныя ўладальніка. Візуальная інфармацыя падобная да даных, якія ёсць сёння ў пашпарце, - прозвішча, імя, імя па бацьку, грамадзянства, пол, нумар, тып і тэрмін дзеяння дакумента, подпіс уладальніка. Уся астатняя інфармацыя (напрыклад, месца рэгістрацыі, звесткі аб дзецях, шлюбе) прывязана да дакумента анлайн. Счытваць яе можна будзе з дапамогай спецыяльнага тэрмінала. Людзі, якія атрымаюць ID-картку, аўтаматычна набудуць электронны лічбавы подпіс з 10-гадовым тэрмінам прыдатнасці і асабісты электронны кабінет. З моманту стварэння кабінет будзе мець статус неактыўнага, пакуль чалавек яго не актывізуе з ID-карткі. Там будзе знаходзіцца ўся інфармацыя з гісторыяй выкарыстання гэтага кабінета.

Выкарыстоўваючы ID-картку, можна будзе атрымліваць усе паслугі і адміністрацыйныя працэдуры, пераведзеныя ў электронную форму.

ID-картка - гэта ўнутраны дакумент, які засведчвае асобу. Для выезду за мяжу неабходна будзе дадаткова атрымаць біяметрычны пашпарт. Гэта біяметрычны дакумент у выглядзе пашпартнай кніжкі з інтэгральнай мікрасхемай, якая змяшчае электронны сродак біяметрычнай ідэнтыфікацыі.-0-