4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў сур'ёзны прагрэс у развіцці супрацоўніцтва з Узбекістанам. На гэтым кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу сёння на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Узбекістана ў Беларусі Насірджанам Юсупавым з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў нашай краіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Усё, што сёння зроблена паміж нашымі краінамі, значны прагрэс у развіцці адносін звязана перш за ўсё з маім добрым сябрам Шаўкатам Мірамонавічам (Мірзіёевым - Прэзідэнтам Узбекістана. - Заўвага БЕЛТА). Гэта чалавек, я ўпэўнены (не таму што ён мой сябар), якога Узбекістан будзе абагаўляць, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Тое, што ён пачаў рабіць пасля пэўнага перыяду развіцця незалежнага Узбекістана, заўтра будзе бачна ў станоўчым ключы".
"Я нават пабойваюся часам, калі пачынаю з ім размаўляць аб планах Узбекістана, - ці не вельмі рэзка ён узяўся за ўсё. Але пакуль усё атрымліваецца. Магчыма, вынікі не такія хуткія будуць, таму што ў свеце жорсткая канкурэнцыя, свет, вы бачыце, наогул ашалеў. Асабліва на фоне пандэміі і іншых падзей. Гэта ж не можа не ўплываць на Узбекістан, які перажыў няпросты перыяд у сваім развіцці станаўлення незалежнасці. Таму нельга чакаць вынікаў вось адразу сёння. Але яны будуць бачныя, і гэта дзякуючы яму. Ён малайчына, па ўсіх напрамках пачаў працаваць. Як ён гаварыў, выйсця іншага няма, трэба хутка пераадолець тое, што было ўпушчана", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што, завяршыўшы сваю місію ў Беларусі, Насірджан Юсупаў прынясе вялікую карысць на іншых пасадах, а таксама будзе садзейнічаць развіццю адносін з Беларуссю.-0-