Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
16.03.2021

Лукашэнка: беларуская Канстытуцыя - сімвал свабоднага, мірнага і стабільнага жыцця народа

15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прынятая 27 гадоў таму Канстытуцыя Беларусі стала сімвалам новай эпохі - свабоднага, мірнага і стабільнага жыцця беларускага народа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з членамі Канстытуцыйнай камісіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сярод удзельнікаў мерапрыемства - вышэйшыя службовыя асобы краіны, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, рэальнага і фінансавага сектараў эканомікі, грамадскіх аб'яднанняў, сфер навукі і адукацыі, культуры і спорту.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што рашэнне аб фарміраванні Канстытуцыйнай камісіі было прынята на VI Усебеларускім народным сходзе. Паводле яго слоў, знамянальна, што яна пачынае сваю работу ў Дзень Канстытуцыі. У сувязі з гэтым Прэзідэнт яшчэ раз павіншаваў усіх беларусаў і, у прыватнасці, удзельнікаў мерапрыемства са святам.

"З Асноўным законам нашай краіны мы прайшлі шлях станаўлення першай суверэннай дзяржавы на нашай зямлі. І значэнне гэтай Канстытуцыі, напэўна, будзе вызначацца перш за ўсё гэтым фактам. Прынятая 27 гадоў таму Канстытуцыя стала сімвалам новай эпохі - свабоднага, мірнага, стабільнага жыцця беларускага народа", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ўсе гэтыя гады беларуская дзяржава развівалася, прытрымліваючыся тых прынцыпаў, якія былі закладзены ў аснову Канстытуцыі. "Мы шмат чаго дасягнулі, і жыццё не раз даказвала правільнасць выбранага шляху. Індыкатарам сталі мір і парадак у нашай краіне, згода ў грамадстве, захаваныя, нягледзячы на шматлікія спробы знешніх сіл унесці разлад у наш агульны дом. Падзеі мінулага года прадэманстравалі ўстойлівасць сістэмы. І гэта не што іншае, як цвёрдасць пазіцыі і прынцыпаў людзей з дзяржаўным мысленнем. Людзей, якія захавалі краіну", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Канстытуцыя - безумоўна, вельмі важны дакумент для краіны. Але гэта не толькі нормы, прапісаныя на паперы, таксама важна пазіцыя людзей, якія фарміруюць грамадскую думку.

-0-

Фота Мікалая Пятрова