Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
15.02.2021

Лукашэнка: форум паказаў высокае запатрабаванне грамадства на захаванне сістэмы каштоўнасцей і прыярытэтаў

12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усебеларускі народны сход паказаў высокае запатрабаванне грамадства на захаванне сістэмы каштоўнасцей і прыярытэтаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, падводзячы вынікі VI Усебеларускага народнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сучаснасць і будучыня Беларусі ў нашых руках, і перш за ўсё ў руках прысутных тут дэлегатаў, паколькі вы самая высокая эліта нашага грамадства. Мы ідзём наперадзе, за намі пойдуць іншыя, калі яны хочуць жыць у мірнай і спакойнай краіне. Таму ад нас залежыць усё", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу адобрылі асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сацыяльная арыентаванасць беларускай эканамічнай мадэлі застаецца нязменнай. "Форум паказаў высокае запатрабаванне грамадства на захаванне сістэмы каштоўнасцей і прыярытэтаў, - заявіў ён. - Гэта сведчыць аб тым, што за гады незалежнасці нам удалося выбудаваць сістэму, у аснове якой непахіснасць суверэнітэту краіны. Суверэнітэту, які трымаецца на традыцыях, патрыятызме, імкненні народа да міру".

Прэзідэнт адзначыў, што як суверэнная дзяржава Беларусь па-ранейшаму адкрыта для раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усім светам - інакш быць не можа. Пры гэтым рэспубліка нязменна трымае курс на пабудову саюза з Расіяй, еўразійскую інтэграцыю і развіццё адносін з Кітаем.

На працягу двух дзён на форуме абмяркоўваліся далейшыя напрамкі развіцця беларускага грамадства, неабходныя змяненні для найбольш поўнага ўдзелу насельніцтва ў прыняцці дзяржаўных рашэнняў. Гэта пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады, наданне Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйнага статусу, умацаванне мясцовага самакіравання, павышэнне ролі грамадскіх структур у палітычным жыцці краіны.

"Гэта не догма. Усё, што тут было сказана, у тым ліку і мною, будзе прааналізавана. Жыццё ідзе, мяняецца, з'явяцца многія пункты гледжання. Магчыма, некаторыя пытанні, як яны былі выкладзены на Усебеларускім народным сходзе, зменяцца. Напэўна зменяцца. Мы ні ў якім выпадку не будзем дагматыкамі і не будзем трымацца жалезабетонна за тое ці іншае выказанае меркаванне (гэта датычыцца перш за ўсё мяне). Усё павінна быць дэмакратычна з улікам вопыту цывілізаваных дзяржаў", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.