Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
01.03.2021

Лукашэнка: галоўная задача на будучыя месяцы - сфарміраваць баяздольны спартыўны "дэсант" у Токіа

26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першачарговая задача для спартыўнай галіны Беларусі на будучыя месяцы - сфарміраваць баяздольны спартыўны "дэсант" у Токіа. На гэта звярнуў сёння ўвагу Прэзідэнт Беларусі, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка на Алімпійскім сходзе НАК, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адной з галоўных тэм сходу ў НАК стала падрыхтоўка беларускіх спартсменаў да Алімпійскіх гульняў у Токіа. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў кіраўніцтва Мінспорту, якія вывады зроблены пасля Рыа-дэ-Жанэйра і якія прыняты меры па ўстараненні недахопаў у падрыхтоўцы спартсменаў.

"Чаканняў і абяцанняў, як заўсёды, шмат. Няхай алімпійскі адбор да Токіа яшчэ не скончаны, але ўжо цяпер можна канстатаваць, што гульнявыя камандныя віды спорту (за выключэннем баскетбола тры на тры) яго правалілі. Пакуль няма ліцэнзій у боксе, дзюдо, каратэ, таэквандо, фехтаванні. Чакаем большага ад барцоў, лёгкаатлетаў, стралкоў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў апошнія гады была значна ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база фізічнай культуры і спорту, а ў перыяд пандэміі, нягледзячы на паўсюдны лакдаўн, у краіне па-ранейшаму праводзіліся спаборніцтвы і нацыянальныя чэмпіянаты. У спартыўных цэнтрах былі створаны ўнікальныя магчымасці для трэніровак у параўнанні з усімі краінамі свету.

"У адсутнасць афіцыйных стартаў па вашай просьбе мною была прадоўжана на год выплата імянных прэзідэнцкіх стыпендый кандыдатам на ўдзел у Алімпіядзе і іх трэнерам. Для спартсменаў і трэнераў зроблена ўсё магчымае, і нават больш таго ў гэтых няпростых умовах. Таму першачарговая задача на будучыя месяцы - сфарміраваць баяздольны спартыўны "дэсант" у Токіа. Апраўданні тут не прымаюцца, і быць іх наогул не можа! - папярэдзіў беларускі лідар. - Нам сапраўды патрэбны баяздольны "дэсант" у Токіа. Мы туды паедзем змагацца, нам будзе няпроста. Дакладна гэтак, як Расію, па-народнаму кажучы, нас будуць плюшчыць з усіх бакоў. І мы павінны вытрымаць".

На думку Прэзідэнта, сапраўдныя чэмпіёны - гэта тыя, хто здольны паказаць высокі вынік у любых умовах, пераадольваючы неспрыяльныя абставіны, бязлітаснае супраціўленне канкурэнтаў і падкопы зайздроснікаў, хто дабіваецца гучных перамог дзеля сваёй краіны, родных і блізкіх, трэнераў і калег па камандзе.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што Алімпійскія гульні будуць праходзіць ва ўмовах беспрэцэдэнтных антыкавідных мер і абмежаванняў, і трэба ўлічваць гэты момант, бо здарыцца можа ўсякае. Ён падкрэсліў, што трэба быць гатовымі да вырашэння звязаных з гэтым пытанняў акліматызацыі спартсменаў, дастаўкі дэлегацыі і грузаў у Алімпійскую вёску, арганізацыі трэніровак, побыту і медыцынскага абслугоўвання.

"Усё, што неабходна для таго, каб нашы спартсмены годна выступілі, створана. Калі трэба больш, будзе створана яшчэ больш. Усё залежыць ад спартсменаў. Што яшчэ неабходна зрабіць у бліжэйшы час, каб за наша выступленне ў Токіа не было сорамна перад народам? Давайце сёння па сутнасці і шчыра пагаворым: што трэба яшчэ зрабіць. Хоць статыстыка і стратэгія даўно вядомы, яны вызначаны. Спартсмены і асабліва трэнеры добра ведаюць, як падвесці да вяршыні іх формы. Калі ласка, дзейнічайце. Яшчэ раз паўтараю: гаварыце, што трэба, - будзем ствараць дадатковыя ўмовы", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.-0-