Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
05.04.2021

Лукашэнка і Пуцін у Дзень яднання правялі вельмі насычаную тэлефонную размову

2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Не толькі віншаванні, але і праблемы, задачы і агульныя мэты - прэзідэнты Беларусі і Расіі сёння правялі вельмі насычаную тэлефонную размову. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

"Падставай сазваніцца, безумоўна, стала агульнае свята - Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін раніцай абмяняліся афіцыйнымі, а пасля абеду - ужо асабістымі віншаваннямі. Ну і яшчэ раз падкрэслілі: у інтарэсах абедзвюх краін - паступальнае развіццё інтэграцыйных працэсаў і ўмацаванне шматпланавага супрацоўніцтва. І менавіта таму паўгадзінная размова атрымалася не столькі святочнай, колькі рабочай", - расказалі ў прэс-службе.

Кіраўнікі дзяржаў закранулі ўсе асноўныя і актуальныя тэмы, абмеркавалі і рэалізацыю дамоўленасцей, якія мелі месца раней.

"Адной з галоўных тэм, якую абмеркавалі Прэзідэнты, стала эпідэміялагічная сітуацыя. Сёння ўжо галоўны акцэнт - на вакцынацыю насельніцтва і вытворчасць вакцын. Гэта пазітыўны прыклад вельмі цеснага ўзаемадзеяння дзвюх краін, тая сфера, дзе супрацоўніцтва Беларусі і Расіі цяпер з'яўляецца найбольш плённым", - адзначылі ў прэс-службе.

Далей Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін закранулі ўнутрыпалітычную абстаноўку ў дзвюх краінах. Тут асобна спыніліся на сітуацыі вакол Беларусі і знешніх пагрозах, якія вельмі канкрэтна ў апошні час гучаць з заходняга напрамку (у прыватнасці з боку Польшчы і ЗША).

З пазітыўнага рабочага парадку дня - размова ішла аб прапрацоўцы мерапрыемстваў у саюзным фармаце, уключаючы правядзенне чарговага пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы і VIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі (ён пройдзе ў ліпені на тэрыторыі Маскоўскай вобласці і будзе прысвечаны навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву краін).

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін удзялілі ўвагу дзейнасці Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы. Ішла размова аб узмацненні яго ролі і павышэнні эфектыўнасці работы.

Асаблівай і важнай тэмай размовы сталі крокі, якія трэба будзе зрабіць па аднаўленні поўнафарматных транспартных зносін паміж краінамі, асабліва чыгуначных. "Прымаючы пад увагу неабходнасць вяртання эканомікі і жыцця людзей у нармальнае рэчышча, Беларусь разлічвае на больш хуткую адмену ўсіх абмежаванняў па перамяшчэнні праз беларуска-расійскую граніцу і аднаўленне ўсіх відаў транспартных пасажырскіх перевозак. Гэта было падкрэслена", - расказалі ў прэс-службе.

"І, вядома, размова ішла аб развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў цэлым. Трэба дадаць, што абмеркавалі прэзідэнты і нашу прафесійную тэму - узаемадзеянне цэнтральных сродкаў масавай інфармацыі і работу ў сферы інфармацыйнай бяспекі", - паведамілі ў прэс-службе.