Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
15.01.2021

Маразы да -29°С чакаюцца ў Беларусі ў канцы тыдня

14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маразы да 29 градусаў чакаюцца ў Беларусі ў канцы тыдня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"На тэрыторыі Беларусі ўсталявалася марознае надвор'е. Тэмпература паветра пачне паступова паніжацца ўжо сёння, але асноўнае пахаладанне яшчэ наперадзе. З суботы, 16 студзеня, чакаецца ўзмацненне маразоў. У начны час месцамі па краіне тэмпература паветра апусціцца да 25-29 градусаў ніжэй за нуль", - расказалі ў Белгідрамеце.

У пятніцу, 15 студзеня, ноччу ў многіх раёнах, удзень месцамі па Беларусі пройдзе невялікі снег. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе 13-19 градусаў марозу, месцамі - мінус 20-22, у паўднёва-заходніх раёнах - мінус 9-12.

У суботу, 16 студзеня, месцамі па краіне пройдзе невялікі кароткачасовы снег. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночны, паўночна-заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе 16-23 градусы марозу, пры праясненнях - да мінус 25. Удзень будзе 13-20 градусаў ніжэй за нуль, месцамі - да мінус 22, па Брэсцкай вобласці - мінус 10-12.

У нядзелю, 17 студзеня, уначы і раніцай у асобных раёнах Беларусі пройдзе невялікі снег, днём пераважна без ападкаў. На дарогах месцамі чакаецца галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночны, паўночна-заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе 18-25 градусаў марозу, пры праясненнях - мінус 26-29. Днём будзе 14-19 градусаў ніжэй за нуль.

Паводле папярэдніх прагнозаў сіноптыкаў, халоднае надвор'е захаваецца да сярэдзіны наступнага тыдня.-0-