Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
31.05.2023

Мінэнерга: інфармацыя аб выкідзе радыенуклідаў на БелАЭС не адпавядае сапраўднасці

30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інфармацыя аб выкідзе радыенуклідаў на БелАЭС не адпавядае сапраўднасці, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.

"Інфармацыя, якая з'явілася на літоўскіх рэсурсах, з'яўляецца непраўдзівай. Для таго каб у гэтым пераканацца, дастаткова паглядзець даныя анлайн-маніторынгу радыяцыйнага фону ў раёне размяшчэння БелАЭС. Зрабіць гэта можа кожны на сайце станцыі. На карце выразна відаць, што радыяцыйная абстаноўка застаецца ў норме, перавышэнняў няма, што сведчыць пра бяспечную і надзейную работу БелАЭС", - падкрэслілі ў прэс-службе.

У Мінэнерга заявілі, што станцыя функцыянуе ў штатным рэжыме, першы энергаблок працуе на намінальнай магутнасці, на другім - прадаўжаюцца работы па асваенні магутнасці рэактара ў рамках этапных праграм.

Даныя аб радыяцыйнай абстаноўцы аналізуюцца як на самой пляцоўцы станцыі, так і ў зоне назірання - на пастах радыяцыйнага кантролю. Звесткі пра бягучыя значэнні магутнасці дозы гама-выпрамянення алюстроўваюцца на інфармацыйных табло ў населеных пунктах Варняны, Падольцы, Рымдзюны, Газа, Чэхі, Маркуны, Чэрнішкі, Альхоўка, Свір. БелАЭС рэгулярна абменьваецца данымі аб стане радыяцыйнай абстаноўкі з зацікаўленымі дзяржорганамі і ведамствамі.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт пабудавана па расійскім праекце "АЭС-2006", які належыць да эвалюцыйных праектаў АЭС з вода-вадзянымі рэактарамі (ВВЭР) трэцяга пакалення. Яны маюць палепшаныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Галоўная іх асаблівасць - унікальнае спалучэнне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі.